Мікалаеўка. Тут мой лёс

Мікалаеўка. Тут мой лёс

Вёска Мікалаеўка стаіць ля шашы Галічы — Мілаславічы. Навокал яе раскінуліся палі і лясы. Нават чутна, як дзесьці такуюць цецерукі. Непадалёк ад вёскі знаходзіцца адзіночны курган с дзесяці магільных насыпаў эпохі Старажытнай Русі, адкрыты напрыканцы ХІХ стагоддзя і абследаваны ў 1998 годзе.
Калісьці Мікалаеўка лічылася вялікім паселішчам, на тэрыторыі якога быў створаны калгас імя ЦК ВКП(б) з трыма фермамі: малочнай, авечка- і свінагадоўчымі. Працавала пачатковая школа, дзе вучыліся дзеці не толькі мясцовыя, але і з навакольных вёсак.
Зараз тут зусім нямнога жыхароў. Напрыклад, сям’я Гудавых. Гэта працавітыя, добразычлівыя, гасцінныя людзі. Нягледзячы на свой узрост, яны цікавяцца ўсім новым, чытаюць кнігі. Леанід Дзмітрыевіч усё жыццё працаваў трактарыстам у калгасе “Чырвоны сцяг” і ўжо некалькі год з’яўляецца старастам вёскі. У маладосці быў на цаліне. Службу ў арміі праходзіў у Нар’ян-Мары. І на сёння ён вельмі любіць песню пра гэты горад. Калі ў доме збіраюцца госці, яна абавязкова гучыць у выкананні гаспадара.
Яго жонка, Юлія Паўлаўна, нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і. Рана засталася без бацькоў. І як старэйшая сваім братам і сёстрам яна замяніла маці. За гэта яны ўсе вельмі ёй удзячны. Прыязджаюць у госці не толькі з дзецьмі, але і з унукамі. Юлія Паўлаўна да пенсіі даглядала маленькіх цялятак, была на добрым рахунку ў калгасе. Выбіралася дэпутатам Клімавіцкага райсавета. Яна добрая гаспадыня: у хаце заўсёды чыста, утульна. Усё накрыта карункавымі сурвэткамі, зробленымі яе рукамі. Яна добра вяжа пруткамі, кручком. Сваё ўменне перадала ўнучачцы Юлі, а тая вучыць бабулю бісерапляценню. Леанід Дзмітрыевіч і Юлія Паўлаўна Гудавы нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей, маюць двух унукаў. На жаль, сын Сяргей ужо пайшоў з жыцця. Дачка Таццяна жыве і працуе ў Віцебску. А па гаспадарцы бацькам дапамагае Аляксандр, які пражывае разам з імі.
Яшчэ ў вёсцы ёсць сям’я Мікалая Рыгоравіча Мацюхіна і Галіны Анатольеўны Максімовіч. Яны выхоўваюць дваіх дзетак-школьнікаў, трымаюць карову, пару парсючкоў, іншую хатнюю жыўнасць. Гаспадыня працуе даяркай у мясцовым калгасе, а гаспадар — сацыяльным работнікам. Ён аказвае дапамогу ва ўсім старэйшай жыхарцы вёскі Клаўдзіі Данілаўне Сцефаненка, якая ўсё жыццё адпрацавала бухгалтарам у Мілаславіцкім спажыўтаварыстве. Нягледзячы на свой узрост яна трымае некалькі сем’яў пчол, хоць гэта і вельмі складана.
Вось такія працавітыя і адданыя роднай зямлі людзі жывуць у нашых вёсачках. Дабра і здароўя вам, шаноўныя!
Святлана АЎЧЫННІКАВА, бібліятэкар Іванава-
Слабадской сельскай бібліятэкі (фота аўтара).
Валянціна КВАРЦЮК.

На здымку: Юлія Паўлаўна Гудава з сынам Аляксандрам.