Мікалаеўны

Мікалаеўны

У вёсцы Сабалёўка (Родненскага сельсавета) жывуць жанчыны Л.М.Бандарэнка і В.М.Фралова (на здымку) — даўнія сяброўкі. Землякі добра ведаюць вясёлы нораў гэтых жанчын. Пра Ліду і Валю кажуць: яны ўмеюць і працаваць, і цікава адпачываць. Вось што праўда, то праўда! Рухавыя бабулі і зараз, калі выпадае нагода, кружацца ў розных народных танцах. А як меладычна спяваюць яны! Можна гадзінамі слухаць іх і не заўважыць, як праляцеў час.
На рахунку Лідзіі Мікалаеўны і Валянціны Мікалаеўны дзясяткі вышытых рэчаў: ручнікі, навалачкі, абрусы… Багатую калекцыю сваіх работ яны падрыхтавалі ў спадчыну дзецям і ўнукам.
Сабалёўскія майстрыхі размянялі восьмы дзясятак. Аднак з даўнім захапленнем — вышыўкай — не развітваюцца і зараз. Бабулі жывуць па-суседску. Часта ходзяць адна да адной у госці. Разам вышываюць, абменьваюцца ўзорамі. Каб справа ішла весялей, спяваюць народныя песні, расказваюць навіны, узгадваюць былое…
Валянціна Фралова трыццаць сем гадоў адпрацавала на мясцовай птушкафабрыцы птушніцай. За добрасумленную працу кіраўніцтва неаднаразова ўзнагароджвала яе Ганаровымі граматамі.
— У любой справе мне дапамагала песня. Яна лілася з вуснаў у час працы, па дарозе дадому… Нездарма ж кажуць: песня жыць і будаваць дапамагае. У дакладнасці слоў не раз асабіста пераконвалася, — прызнаецца бабуля.
Перагортваючы назад старонкі свайго жыцця, Валянціна Фралова можа з упэўненасцю сказаць, што пакінула пасля сябе добры след. Яна выхавала траіх дзяцей. Жыла сумленна. Нібы пчала, была працавітай. Заўжды працягвала руку дапамогі знаёмым, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі…
На лёс Лідзіі Бандарэнкі выпала нямала цяжкасцей.
Рана засталася без бацькі (ён не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны). Сям’я жыла бедна. Старэйшая дачка Ліда была галоўнай памочніцай у матулі.
— У калгас пайшла працаваць у трынаццаць гадоў. Вазіла на конях сена. Збірала попел. Пазней працавала даяркаю. Потым у маёй працоўнай кніжцы з’явіліся запісы: цялятніца, птушкавод, — узгадвае Лідзія Мікалаеўна. — Выйшла замуж. Трымала вялікую хатнюю гаспадарку. Трэба ж было расціць дзвюх дачок і сына. Іх таксама вучыла не сядзець без справы. Дзецям і ўнукам паўтараю: не будзьце лайдакамі, шануйце працу іншых людзей, пры любых абставінах заставайцеся сумленнымі людзьмі.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.