Руплівая гаспадыня

Руплівая гаспадыня

Другі год паштовае аддзяленне сувязі ў в. Судзілы ўзначальвае Таццяна Лявонава (з Сабалёўкі, што ў Родненскім сельсавеце). А дагэтуль больш за дзесяць гадоў Т.А.Лявонава адпрацавала паштальёнам. За гэты час яна паспела пазнаёміцца з многімі вяскоўцамі, заслужыць іх давер і павагу. Адлегласць ад яе вёскі да працы — больш за тры кіламетры. У асноўным Таццяна Аляксандраўна ходзіць пешшу.
Мая суразмоўца — аптыміст, добры работнік, руплівая гаспадыня. Яна любіць вырошчваць кветкі. Выпісвае нямала перыядычных выданняў, за чытаннем якіх любіць адпачываць ад надзённых спраў. Раённая газета “Родная ніва” — доўгачаканы госць у яе хаце працяглы час.
Не першы год трымае Таццяна Аляксандраўна каня, в’етнамскіх парсючкоў, розную хатнюю птушку. Заўсёды ў яе многа садавіны і гародніны. Асабліва багатым у мінулым годзе аказаўся ўраджай гарбузоў — каля дзвюх тон.
— “Жоўтыя волаты”— крыніца вітамінаў і розных мікраэлементаў. Вару з іх кашы, супы. Імі любіць ласавацца таксама хатняя жывёла,— кажа Таццяна Аляксандраўна.
Для родных жанчына ў вольны час вяжа цёплыя рэчы. Узімку асаблівы попыт на шкарпэткі. Калі яе трое дзяцей і чацвёра ўнукаў збіраюцца разам у бацькоўскай хаце, то яна частуе іх смачнымі пірагамі.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.