Такія дружныя Гудавы

Такія дружныя Гудавы

Паважаныя жыхары Сабалёўкі (Галіцкі сельсавет) Павел Мікалаевіч і Вольга Іванаўна Гудавы пярсцёнкамі вернасці абмяняліся пяцьдзясят чатыры гады назад. За час сумеснага жыцця яны не разгубілі ў штодзённай мітусні свае пачуцці адзін да аднаго, прайшлі праз вернасць, не скарыліся перад цяжкасцямі…
У Гудавых пяцёра дзяцей. Мікалай, Алёна і Таццяна скончылі Віцебскі медыцынскі інстытут, а Іван і Ларыса атрымалі дыпломы Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Радуюць бабулю і дзядулю дзевяць унукаў і праўнучка Варвара.
Павел Мікалаевіч і Вольга Іванаўна сустрэліся ў Лазовіцы: выпускніца Крычаўскага педвучылішча прыехала сюды на працу, у гэты ж час дома апынуўся і прывабны марак. Павел прыехаў у водпуск. Прыгажосць дзяўчыны і яе залаты характар нібы нябачнай ніткай прывязалі яго сэрца да Вольгі, бо марак не пераставаў думаць пра яе. Падчас чарговага адпачынку Павел ажаніўся са сваёй каханай.
Пасля вяселля ён яшчэ некалькі гадоў служыў у марфлоце. Пабываў у розных краінах. Тройчы перасёк экватар.
Ішоў час. Гудавы сталі жыць у Сабалёўцы. Пабудавалі хату. Завялі немалую гаспадарку. Сумленна працавалі. І дзяцей з малых гадоў прывучалі добра выконваць свае абавязкі.
Вольга Іванаўна трыццаць тры гады вяла хлопчыкаў і дзяўчынак пачатковых класаў па Краіне ведаў. У Недзведзьскую школу хадзіла штодзённа за пяць кіламетраў.
Гаспадар уладкаваўся на працу ў мясцовы сельсавет. Быў начальнікам ваенна-ўліковага стала, потым збіраў падаткі. Працаваў вадзіцелем, жывёлаводам.
— Увесь час паўтарала дзецям: трымайцеся разам, дапамагайце адзін аднаму. Зараз я магу з упэўненасцю сказаць, што мой наказ сыны і дочкі засвоілі добра. У нашай сям’і мы ўсё рабілі гуртам. Кожны, у залежнасці ад свайго ўзросту, уносіў пасільны ўклад у агульную справу. І зараз не ўмеем сядзець склаўшы рукі. Піла ржавее, калі доўгі час не ў рабоце. А мы ж людзі. Калі нічога не рабіць, то пачынаюць адразу ж нагадваць аб сабе розныя хваробы. Як-ніяк хатняя гаспадарка і агарод з’яўляюцца добрай прыбаўкай да сямейнага бюджэту, — кажа гаспадыня.
Гудавы па ранейшай звычцы прачынаюцца рана. Хоць на працу зараз ім спяшацца не трэба, але ж жывёла хоча есці, ды і снеданне павінна быць прыгатавана своечасова. Пакуль гаспадыня паліць у печы, гаспадар прынясе сена карове і любімай кабыле Машцы. Затым ужо разам пачынаюць завіхацца далей.
Больш паўстагоддзя Гудавы займаюцца пчалярствам. Трымаюць карову, каня, парсючкоў, хатнюю птушку. Раней былі авечкі. З воўны гаспадыня вяжа цёплыя шкарпэткі, рукавіцы, кофты. Гаспадар рабіў валёнкі, якія і зараз з’яўляюцца самым лепшым абуткам для вяскоўцаў у халодны час.
Зрабіўшы ўсе справы, муж і жонка любяць пачытаць добрую кнігу. Заўжды знаёмяцца з навінамі краіны ў перыядычным друку і па тэлевізары.
Павел Мікалаевіч не першы год стараста вёскі. Старшыня сельсавета ўдзячны яму за дапамогу мясцовай уладзе ў рабоце з насельніцтвам.
Сям’я Паўла Мікалаевіча і Вольгі Іванаўны Гудавых — адзін з лепшых прыкладаў для моладзі. У гэтых паважаных людзей можна многаму павучыцца. Пад гэтымі словамі, я ўпэўнена, падпішуцца ўсе тыя, хто ведае сумленных і працавітых Гудавых.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.