Хатынскі лёс Карпачэй

Адзіны жалобны ўзгорак з чорнага мармуру… Тры бярозкі ўскінулі над ім сваё зялёнае вецце. А на гэтым месцы, дзе магла б весела шалясцець чацвёртая, моўчкі шугаюць барвовыя языкі полымя Вечнага агню ў памяць аб кожным чацвёртым — загінуўшым.
Ён адзін такі на свеце, гэты жахлівы могільнік вёсак. 186 прыгаршчаў перасыпанай попелам жвірыстай зямлі — балючая памяць аб беларускіх вёсках, спаленых разам з жыхарамі. Памяць аб іх берагуць 186 трагічных урнаў. І несціхана гудуць над імі хатынскія званы…
На гэтым могільніку ёсць і магілка вёскі Карпачы нашага раёна. Яе таксама напаткаў горкі лёс Хатыні. У вёсцы ў асноўным пражывала яўрэйскае насельніцтва. Яшчэ ў 1918 годзе тут было створана сельскагаспадарчае таварыства па агульнай апрацоўцы зямлі — Карпачоўскае (“Памяць”, с. 200).
У час акупацыі Клімавіцкага раёна, у канцы кастрычніка — пачатку лістапада, фашысты пачалі расстрэльваць яўрэяў. У адзін з восеньскіх дзён карнікі ўварваліся ў Карпачы. Вось што расказвалі жыхары вёскі Канахоўка Марфа Савельеўна Шаршнёва (1909 г. н.), Яўген Іванавіч Галынскі (1929 г. н.), Таццяна Емяльянаўна Галынская (1929 г. н.), якія сталі жывымі сведкамі той жудаснай трагедыі.
Фашысты акружылі вёску і пачалі выганяць з дамоў усіх жыхароў. Падганяючы іх прыкладамі, павялі да возера. Па ўсёй вёсцы разносіліся плач і крыкі людзей — дзяцей і дарослых. Яны ўжо здагадваліся, што будзе з імі. Некаторыя з іх спрабавалі ўцячы, але іх адразу расстрэльвалі. Падагналі ўсіх да выкапанага рова даўжынёю метраў 25—30 і паставілі тварамі да яго. (Усё гэта бачыў Яўген Галынскі, які схаваўся каля маста). Стралялі ў галаву і скідвалі ў роў. У забітых вырывалі зубы з залатымі каронкамі і забіралі. Потым запалілі вёску.
Зрабіўшы сваю чорную справу, знішчыўшы вёску (12 двароў) і расстраляўшы 63 жыхароў (Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя, Мн., 1978, т. 1, с. 440), фашысты паехалі.
Сведкі гэтага расстрэлу называлі некаторыя імёны і прозвішчы загінуўшых. Гэта браты Евіль і Давыд Каган, Гафт, сям’я Бярозкіна (сам ён быў на фронце), сем’і Кугаля, Зысіна (яны таксама былі на вайне), Арон, Елька.
У час акупацыі на тэрыторыі раёна былі праве-дзены нямецка-фашысцкімі захопнікамі карныя аперацыі супраць партызан і цывільнага насельніцтва: № 17 у жніўні 1942 года; “Буравеснік” — ліпень 1943 года; “Муха” — жнівень 1943 года (Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны1941-1945 гг., Энцыклапедыя, Мн., 1990, с. 255-256). Фашысты некалькі яўрэяў прывозілі на расстрэл з Клімавіч. За гады вайны захопнікі загубілі жыцці 1295 мірных жыхароў (“Памяць”, с. 562).
У 1960 годзе астанкі загінуўшых былі перапахаваны на могілках вёскі Бабічына. У перапахаванні прымаў удзел мясцовы фельчар, прозвішча якога Жураўлёў (імя яны не памятаюць, а імя па бацьку Карнеевіч).
Пасля вайны вёска Карпачы (з 1976 г. — в. Канахоўка) была адноўлена. Зараз яна ўваходзіць у склад АСП «Падсобная гаспадарка РУП “Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод”.
Мікалай Стальмакоў,
кіраўнік гісторыка-краязнаўчага гуртка “Радзімазнаўства” Клімавіцкага цэнтра творчасці.