Ад родных ніў

Ад родных ніў

З’явіўся Мікалай Нікіфаравіч Мінчанка на белы свет 10 сакавіка 1942 года на акупіраванай фашыстамі Клімаўшчыне.
Быццам лісты з дрэў увосень, праляцелі гады… А здаецца, не так даўно я, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, будучы журналіст, у час летніх канікул зайшоў у рэдакцыю нашай клімавіцкай раёнкі “Молат”, каб пабачыць яе супрацоўнікаў, выпускнікоў нашай альма-матэр вядомага ўжо тады паэта Анатоля Вярцінскага і Яўгена Крыскаўца, маіх добрых знаёмых. У той час літаратурнымі справамі ўжо займаўся Анатоль Ільіч. Спытаў у яго: “Ці ёсць новыя здатныя малатабойцы?” Малатабойцамі я называў членаў літаратурнага аб’яднання “Молата”. “Ды вось з’явіўся Мікола Мінчанка! — узрадавана адказаў Вярцінскі. — Друкуецца ў нас. Хлопец ідзе ад родных ніў. Думаю, што з яго вырасце сапраўдны паэт!”
Анатоль Вярцінскі не памыліўся. Сёння, а дакладней — ужо даўно паэзію Міколы Мінчанкі добра ведаюць як на Магілёўшчыне, дзе ён стаў лаўрэатам камсамола, так і ў Беларусі ўсёй. Яго вершы друкуюцца ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Беларусь”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” ды іншых выданнях. Мікола Мінчанка — аўтар паэтычных зборнікаў “Зялёны звон”, “Давер”, “Ліпацвет” ды іншых кніг, якія былі ўхвалены літаратурнай крытыкай і цёпла сустрэты чытачамі. Зараз паэт з Клімавіч рыхтуе да выдання сваю новую кнігу.
Радзіма Міколы Мінчанкі — вёска Зацішша. Усяго 21 двор! Гэтага населенага пункта не было на карце. І зараз яго няма. Зацішша назаўсёды знікла з зямлі як неперспектыўная вёска. Яна застаецца ў сэрцы паэта і сілкуе яго творчае натхненне.
Свайго бацьку Мікола Мінчанка не памятае: Нікіфар Іванавіч загінуў, абараняючы Радзіму ад гітлераўскіх захопнікаў. Маці, Анастасія Маісееўна, у час вайны працавала ад цямна да цямна, бо трэба было карміць чацвёра дзяцей. Дапамогі не было аніякай. Наадварот, па загаду старасты з Кавалёўкі маглі прыехаць паліцыянты і забраць апошні хлеб, калі яго хітра не схаваеш.
Пасля вызвалення жыць не стала лягчэй. Усё ішло для фронта. Маці працавала і на ферме, і ў полі. Каб у сям’і адным едаком стала менш, Міколу забрала да сябе бабуля па маці Ксення Захараўна. Яна стала для ўнука не толькі карміліцай, але і Арынай Радыёнаўнай. Ведала шмат казак, народных песень, якія і сталі для Міколы вытокам творчасці.
Вучыўся Мікола Мінчанка ў дзесяцігодцы ў вёсцы Мілаславічы. Тут сталі называць яго школьным паэтам, бо газета “Піянер Беларусі” надрукавала яго верш. А потым вершы з’явіліся ў раённым “Молаце”. Гэта быў час, калі ў газеце працавала буйное літаратурнае аб’яднанне. Ля яго вытокаў стаялі супрацоўнікі раёнкі браты Іван і Сямён Сямёнавы. А спрабавалі свае сілы Браніслаў Прошка, Алесь Рабцаў, Уладзімір Пусянкоў, Мікола Салаўцоў, Міхась Гарнак, Нэлі Мясніковіч і многія іншыя.
Пасля заканчэння школы Мікола Мінчанка працаваў загадчыкам клуба ў вёсцы Кавалёўка.
Потым была служба ў арміі ва Украіне, пасля звальнення ў запас — філалагічны факультэт Жытомірскага ўніверсітэта. З 1969 года працаваў у Клімавіцкай райгазеце. Пачаў з літаратурнага супрацоўніка, дайшоў да галоўнага рэдактара.
70 гадоў. Безумоўна, гэты ўзрост для кожнага чалавека — сталы. Але для сапраўднага паэта — пара мудрасці. Мікола Мінчанка з’яўляецца менавіта такім творцай.
Іван ПЕХЦЕРАЎ.

* * *
Мікола МІНЧАНКА
ЗАЦІШША
Паміж сосен і ёлак,
Дзе малое ўзвышша,
Размяшчаўся пасёлак
З добрай назвай Зацішша.
Там дзятва падрастала,
Ад’язджала вучыцца.
Запаветная мара —
Ну, як ёй не збыцца.
Мы з табою таксама
Паляцелі далёка.
Засталася там мама
Сумаваць адзінока.
Шмат дарог пралягала
Па родным абліччы,
Ды гадочкаў нямала
Ёй зязюлька адлічыць.
А калі і матуля
Пражыла свае вёсны,
Не кукуе зязюля
Там, дзе ёлкі і сосны.

ДОЛЯ
Жыта сеяць, каб жыць,
Каб смяяцца, тужыць,
Песні пець, спадзявацца,
Што ёсць сэнс закахацца.
Бо жытнёвы каласок,
Як надзеі галасок
На святое пачуццё,
На далейшае жыццё.
І пакуль мы сеем жыта,
Доля радасцю спавіта.

МАРЫ
Ой, не граюць гуслі,
Не звіняць цымбалы.
І няўжо, мой любы,
Ты такі няўдалы.
Можа, мы дарэмна
Хуткі час трывожым.
Усё жыццё быць разам
Аніяк не можам.
Можа, я занадта
Гавару ўсё смела,
Толькі мне здаецца,
Гэта ўсё наспела.
Можа, гэта толькі
Пра цябе я мару.
Развядзіце, людзі,
Нада мною хмару.
Быць хачу шчаслівай,
Як у садзе ружа.
А пакуль на сэрцы
У мілога сцюжа.