Паэтамі нараджаюцца

Нездарма кажуць, што ўражанні дзяцінства для чалавека самыя моцныя. Паволі наталяецца ён радасцю першых самастойных крокаў па роднай зямлі, таемнасцю салаўіных спеваў, прыгажосцю сонечных рамонкаў на росным лузе, матчынай казкай перад бесклапотнымі снамі… Усё гэта праявіцца з часам у лёсе. Як склалася і ў Галіны Цыганковай.
Нарадзілася яна 10 сакавіка 1962 года ў вёсцы Галіцкая Мыза Клімавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Бацькі, Таццяна Ануфрыеўна і Віктар Андрэевіч, працавалі ў мясцовым калгасе. Маці сябравала з рыфмай, ведала шмат вершаў, якія дачка лёгка і з ахвотай завучвала на памяць.
“Мамачка, галубка! — просіць сын так міла. Можа б ты на рэчку пагуляць пусціла?” — з задавальненнем чытала маленькая Галя верш Якуба Коласа слухачам-суседкам, якія любілі такія “канцэрты”. А пайшла ў Галіцкую школу, стала складаць вершы сама. Пачатак быў у трэцім класе, зімой. Першы верш так і называўся: “Зіма”.
Калі Галіна Цыганкова (тады — Рыськова) у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя прынесла ў рэдакцыю свае вершы, я адразу зразумеў: на творчым небасхіле Клімаўшчыны заззяла новая яркая зорачка.
Зараз вершы Галіны Цыганковай добра ведаюць жыхары нашага раёна. Друкавалася яна і ў рэспубліканскіх, абласных выданнях. Мясцовымі аўтарамі, сярод якіх заслужаны дзеяч культуры Леанід Ячнеў, выкладчыкі Клімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Казырэнка і Уладзімір Салановіч, настаўніца СШ № 3 Людміла Лукша, нямала вершаў паэткі пакладзена на музыку.
Песні гучалі ў школах, на раённай і абласной сцэне. З прыпеўкамі “ад Галіны” сёстры Галіна Хлудкова і Людміла Лапаева не раз выступалі на міжнародным конкурсе “Вянок дружбы” у Бабруйску і фестывалі сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў” у Глуску, і без узнагарод не вярталіся.
Творы паэткі ўвайшлі ў зборнікі вершаў “Бомы душы”, “Палітра жыцця”, “Вераснёвы ранак”, “Сонечны зайчык” (дзіцячыя вершы), зборнік песень “На хвалі мелодыі”.
Працуючы ў розных арганізацыях, Галіна Цыганкова супрацоўнічала з раённай газетай. А потым і сама ўлілася ў наш калектыў: разгледзеў журналісцкія здольнасці і запрасіў яе на працу Мікалай Мінчанка, які быў тады галоўным рэдактарам газеты. Пачынала Галіна карэспандэнтам, а зараз займае пасаду адказнага сакратара ўстановы.
Рознабаковы журналіст. Па-майстэрску валодае рознымі жанрамі. У газетнай і літаратурнай справе яна не раз станавілася пераможцай абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Паэзіі Галіны Цыганковай, арыгінальна напісаным нататкам, абразкам, замалёўкам, артыкулам, нарысам, праўдзівым “жыццёвым гісторыям” уласцівы сапраўдны лірызм, глыбіня пачуццяў, веданне тэмы.
З лагоднай усмешкай,
Знаёмаю сцежкай
На працу жанчына ідзе.
Здароўя вам, шчасця,
І новых здабыткаў.
Няхай вас удача вядзе.
Мікола Глуздоў.

* * *
Мароз і сонца
(Казка)

— Збірайцеся, дзеці, пара за працу — Вясна прыйшла, трэба снягі тапіць, — гаварыла маці-Сонца сваім сынкам-прамянькам.
Выглянуў малодшы прамянёк з-за хмаркі, каб паглядзець, колькі там, на зямлі, снегу, а Мароз яго па носе я-ак шчоўкне!
— Ой! — ускрыкнуў ад нечаканасці малы. — Там Мароз! Кусаецца!
— Не бойцеся! — засмяялася маці-Сонца. — Ён — адзін, а вас — вунь колькі! Хіба ж яму з вамі справіцца?
І сыпанулі праменьчыкі дружна на зямлю, і ну скакаць па гурбах, па дахах, па рэчках ды страляць са сваіх вогненных лукаў гарачымі стрэламі!
— Ах вы свавольнікі! — злосна закрычаў Мароз. — Ну, я вам зараз пакажу, як маю працу псаваць!
Вельмі ўжо не хацеў Мароз саступаць. Ды і тое ж: усю зіму панаваў, столькі работы зрабіў — і на табе, усё дарэмна.
І давай ён за хлопцамі ганяцца, замінаць ім пускаць стрэлы. То на аднаго кінецца, то на другога… Толькі дзе там! Ён — адзін, а іх жа — вунь колькі!
Бегаў-бегаў, ды так стаміўся — ледзьве ногі валачыў. Прылёг пад вечар адпачыць. А ноччу за работу ўзяўся, каб справу паправіць, снягі аднавіць. Завіхаўся, як мог: моцна дзьмухаў, сыпаў снегам, марозіў ледзяшы. Але ночы вясной карацейшыя, ды і набегаўся за дзень за маладымі хлопцамі — не хапіла ў дзядулі сілы, каб усё аднавіць.
А ўдзень — зноў тут як тут хлопцы-малойцы, зноў сваволяць і шпурляюцца пякучымі стрэламі.
Ну, што ты паробіш! Хочаш не хочаш — а ганяцца трэба, бо парастопяць жа ўсё! Шкада ж!
Наганяўся Мароз за промнямі, а ўначы і працаваць амаль не змог. Так-сяк падправіў гурбы, падмацаваў на рэчках лёд. А там і дзень — новая мітусня.
І з кожным днём усё болей і болей знемагаў Мароз. І не было ўжо ў яго сілы змагацца з маладымі промнямі. Зазвінелі раўчукі, пачарнелі і патанчэлі гурбы, звонка закапалі ледзяшы.
А Марозу давялося збіраць манаткі ды ісці на Поўнач — набірацца там моцы-сілы, каб у снежні вярнуцца назад і зноўку панаваць-лютаваць усю зіму.
Галіна Цыганкова.