Віншаванні — юбілярам

У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі прайшоў юбілейны творчы вечар паэтаў Міколы Мінчанкі і Галіны Цыганковай. Тут сабраліся людзі розных пакаленняў, аматары мастацкага слова — прыхільнікі іх таленту.
З прывітальным словам да юбіляраў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова. Яна адзначыла іх важкі ўклад у культурную, духоўную спадчыну Клімаўшчыны і ўручыла падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта.
З добрымі пажаданнямі звярнулася да юбіляраў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вікторыя Пракоф’ева. Дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Таццяна Даменікан абвясціла віншаванні, якія паступілі на адрас Міколы Мінчанкі ад старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Мікалая Чаргінца і старшыні абласнога аддзялення названага аб’яднання Уладзіміра Дуктава.
З нагоды адметнай падзеі шчыра павіншавалі Міколу і Галіну іх творчыя паплечнікі — член грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксей Кажамяка, Мікола Глуздоў, Мікола Кавалёў, Аляксандр Даменікан.
Шчыра, сардэчна віталі юбіляраў былы дырэктар ЦБС Антаніна Сіліверстава, якая ўнесла значны ўклад у папулярызацыю творчасці мясцовых аўтараў, стараста народнага хору ветэранаў Таццяна Салдаценкава, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Наталля Казырэнка, зямлячка паэткі Надзея Баброва.
Цёпла сустрэлі ўдзельнікі вечарыны песні мясцовых кампазітараў на словы Галіны Цыганковай. Адну з іх — «Клімавічы — горад мой» (музыка Людмілы Лукша) выканалі вучні СШ № 3, другую («Восеньскі ўспамін») — сам аўтар, Уладзімір Казырэнка.
А выхаванцы дзіцячага сада «Бярозка» кранулі сэрцы ўсіх дэкламаваннем вершаў паэткі. Музычнае віншаванне адрасавалі юбілярам непаўторныя самадзейныя артысты Галіна Хлудкова і Людміла Лапаева.
— Пісьменнік — кніга — бібліятэка. Гэта непарыўны і вечны шлях. Бо менавіта бібліятэкар знаёміць чытачоў з высокім паэтычным, літаратурным словам, — адзначылі на заканчэнне вядучыя Марына Шылава і Ларыса Мамрыкава. — Будзем чакаць адкрыцця новых талентаў. У першую чаргу — маладых.
Мікалай Глуздоў.
На здымку: падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта Міколу Мінчанку і Галіне Цыганковай уручае намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова.