Здоба да спадобы

Здоба да спадобы

У цэху хлебазавода ноччу кіпіць работа. Ранкам аўтамашыны са свежай прадукцыяй адправяцца да магазінаў.
Кантралюе якасць і вытворчы працэс па выпуску хлеба, здобы, сушак майстар-тэхнолаг Ірына Серакова (на здымку). На прадпрыемстве маладая жанчына дванаццаць год.
Скончыўшы школу і Магілёўскі палітэхнікум, яна прыйшла працаваць пекарам. Там жа майстрам рабіла яе маці Таісія Іванаўна.
— На той час дырэктарам быў Міхаіл Пятровіч Алёшчанка, — кажа Ірына Мікалаеўна. — Ён і прапанаваў мне прадоўжыць вучобу. Ва ўніверсітэце харчавання завочна атрымала спецыяльнасць інжынера-тэхнолага.
Муж Аляксандр служыць у міліцыі. Разам выхоўваюць дзвюх дачок. Вярнуўшыся дадому са змены, трэба дагледзець маленькую Карыну і Дашу, вучаніцу 4 класа пачатковай школы. Дзяўчынка кемлівая, здольная. Захапляецца маляваннем, разьбой па дрэву. Цяпер спрабуе сілы ў бісерапляценні. Разам з аднакласнікамі любіць хадзіць у басейн.
Ірына стараецца парадаваць сям’ю дамашнімі прысмакамі, выпечкай ці фірменным тортам.
Раіса Сяргеенка.