Скарбніца духоўнасці

“Вершы, што кранаюць сэрцы”. Пад такой назвай у чытальнай зале бібліятэкі аграрнага каледжа прайшоў вечар паэзіі. Ён прысвячаўся талентам роднай Клімаўшчыны. Усіх кранулі шчырасцю, сапраўдным пачуццём вершы выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа: загадчыка аддзялення ветэрынарнай медыцыны Уладзіміра Босава, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Уладзіміра Загорскага, педагога-псіхолага Марыны Рагіла, маладых дараванняў Алены Бамбізавай, Таццяны Калінінай. У выкананні Юліі Рабавай і Веранікі Фядотавай прагучалі вершы аб паэзіі. Творы Галіны Цыганковай прачытаў Аляксей Коржыч.
З якой жа нагоды людзі пішуць вершы? Аб гэтым распавядала Марына Рагіла, якая зрабіла цікавае паведамленне на тэму “Паэтычная тэрапія”. Паэзія можа быць душэўнай радасцю і душэўным спакоем, лякарствам ад суму. Яна можа быць сябрам у час адзіноты ці станоўчых эмоцый. Таму моладзі парэкамендавалі больш чытаць, а то і самім заняцца вершаскладаннем.
Да гэтага вечара была прымеркавана кніжная выстава. Удзельнікі вечарыны маглі пазнаёміцца з работамі Паўла Пруднікава, Івана Пехцерава, Барыса Вароніна, Аляксандра Кудраўцава і іншых землякоў. Усім у якасці сувеніраў ўручылі кнігі.
Мерапрыемства падрыхтавалі і правялі загадчыца бібліятэкі Людміла Кісялёва, бібліёграф Святлана Селязнёва, бібліятэкар Тамара Рабцава.
Людміла ВАСІЛЬЕВА.