Ганарымся нашым земляком!

Ганарымся нашым земляком!

14 мая ў Магілёве адбылося ўзнагароджанне спецыяльнай прэміяй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ў сацыяльнай сферы. Гэтага гонару былі ўдастоены 50 маладых прадстаўнікоў розных галін: адукацыі, культуры, спорту, турызму, СМІ. Сярод іх быў і ўраджэнец нашага горада Аляксей Сапажкоў, 25-гадовы мастак і майстар-кераміст. Ён стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі аблвыканкама ў намінацыі “культура і мастацтва”. Пасведчанне яму ўручаў старшыня аблвыканкама Пётр Руднік.
Мастацкай творчасцю Аляксей займаецца з маленства і вырашыў звязаць з гэтай справай сваё жыццё. З 12 гадоў ён наведваў дзіцячую мастацкую школу ў г. Клімавічы, дзе пад кіраўніцтвам цудоўных педагогаў А.У.Котава, А.А.Котавай, У.П.Новікава, З.В.Баршчовай і іншых засвоіў асновы жывапісу, графікі, кампазіцыі, майстэрства выцінанкі, разьбы па дрэве. Пасля заканчэння школы Аляксей паступіў у Магілёўскае вучылішча культуры імя Н.К.Крупскай, дзе адбылося яго лёсавызначальнае знаёмства з керамікай. Юнак быў накіраваны на працу ў Мсціслаўскі Дом рамёстваў, дзе працаваў метадыстам па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, вучыў дзяцей выяўленчаму мастацтву, асновам керамікі, распрацоўваў віды сувенірных вырабаў з гліны.
Жадаючы ўдасканальваць сваё майстэрства і веды, наш зямляк працягнуў навучанне на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Сёлета Аляксей рыхтуецца да атрымання дыплома, але на гэтым не спыніцца развіццё яго як майстра і мастака. Малады творца прагне і далей авалодваць традыцыйнымі тэхналогіямі працы з глінай, вырабу керамічнага посуду, пераняць майстэрства ў старэйшых ганчароў і керамістаў Магілёўшчыны.
У свае 25 год Аляксей Сапажкоў ужо з’яўляецца членам Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь, а званне гэта даецца толькі самым лепшым майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія прытрымліваюцца народных традыцый у сваёй творчасці.
Работы нашага таленавітага земляка знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь, Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра, нацыянальнага музея-заказніка ганчарства (Украіна), у асабістых калекцыях. Аляксей пастаянна прымае ўдзел у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выставах і фестывалях.
Працуючы вядучым метадыстам у Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы, Аляксей Сапажкоў праводзіць актыўную работу па арганізацыі выстаў вырабаў майстроў і рамеснікаў Магілёўшчыны.
Вольга СЕМЧАНКА,
вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.