Леанполле. Заглянем у мінулае

Вёска — апора даўніх звычаяў, абрадаў і старых традыцыйных песень. На жаль, з цягам часу ў некаторых населеных пунктах колькасць жыхароў значна памяншаецца: хтосьці з людзей сталага веку пайшоў ужо ў іншы свет, хтосьці змяніў месца жыхарства на больш перспектыўнае, а кагосьці паклікаў горад. Так было і з вёскай Леанполле.
Бясспрэчна, час няўмольна імчыць, але ён не павінен сцерці з памяці гістарычнае мінулае. Для некага дарога з Леанполля стала шчаслівым шляхам у дарослае жыццё, які прывёў выхадцаў вышэйназванай маляўнічай вёскі ў іншыя гарады не толькі Беларусі, але і замежжа.
Леанполле знаходзіцца ў Родненскім сельсавеце, за 23 км ад Клімавічаў, 147 км ад Магілёва, 15 км — ад чыгуначнай станцыі Асмолавічы па лініі Орша-Унеча. Па паўд.-усх. ускраіне цячэ рака Крупня (прыток р. Жадунька).
Вёска вядома з 18 ст. У 1764 годзе тут быў маёнтак Леанполле. У 1858 г. гэта сяло ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні, 94 рэвізскія душы, уласнасць памешчыка. Дзейнічаў млын. Гаспадар маёнтка меў у 1850 годзе 663 дзесяціны зямлі, вадзяны млын і карчму. З 1868 дзейнічала сукнавальня, затым былі адкрыты школа, хлебазапасны магазін. У 1909 г. тут налічвалася 48 двароў, у якіх жылі 363 жыхары. У 1930 г. арганізаваны калгас “Новы шлях”, працаваў вадзяны млын. У час Вялікай Айчыннай вайны з сярэ-дзіны жніўня 1941 г. да 28.09.1943 вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яны спалілі 38 двароў. Пасля вайны адбудавана. У 1957 г. электрыфікавана і радыёфікавана.
Па словах тутэйшых людзей, назва паходзіць ад асабістага імя першапасяленца — Лявон. Ёсць варыянт, што Леанполле — пераўтварэнне ад слоў Леон і поле, або Лявонава поле. Зараз мужчын з такім імем тут няма.
Ёсць у Леанполля і другая неафіцыйная назва-сінонім — Душылаўка. Так часам называюць родны куточак людзі паважанага веку. Чаму?
— Нашы продкі расказвалі, што нібыта ў гэтых краях некалі жыў пан, якога мясцовыя жыхары за здзекі з простага люду звялі са свету. Вось з таго часу бярэ пачатак гэта назва, — дзеліцца мясцовай легендай доўгажыхарка Валянціна Цярэшчанка. — За маёй хатай нават ёсць “панскі сад”, дзе растуць старыя яблыні. Яны — нямыя сведкі гісторыі.
З прыходам вясны Леанполле глухне ад птушынай гаманы. Навакол — прыгожыя краявіды.
— Калі ў маі пачынаюць цвісці сады, то, здаецца, не заходзіў бы ў хату: настолькі смачным водарам насычана паветра навокал. Побач лес. Некалькі крокаў — і збірай на здароўе смачныя дары, — запэўніла мяне стараста.
Планіровачна вёска складаецца з дзвюх вуліц, забудаваных двухбакова.
Улічваючы тое, што яе з двух бакоў абступае лес, у “госці” да леанпольцаў зазіраюць лясныя жыхары — дзікі, зайцы. Нярэдка яны сваімі візітамі наносяць шкоду, псуючы садавіну ці гародніну. Таму заўжды трэба трымаць вуха востра.