Майстар па… збруі

Майстар па… збруі

Так ужо павялося, што конь лічыцца надзейным памочнікам вяскоўцаў. Ён дапамагае гаспадарам і пасеяць, і ўбраць вырашчаны ўраджай. Трэба кудысьці даехаць ці штосьці цяжкае перавезці? Калі ласка! Ваш канёк і тут прыйдзе на дапамогу. Але ж каб гэта разумная жывёла заўжды добра служыла, яе трэба не толькі карміць, а яшчэ і набыць ёй адпаведную “вопратку” — вупраж. Зараз у краме можна купіць тавары на любы густ, аднак хамуты, аброці, падсядзёлак знайсці будзе цяжкавата. А што рабіць, калі такія патрэбныя аксесуары проста неабходна адрамантаваць? Куды ісці па такую паслугу? У такім выпадку дарога прывядзе вас у Леанполле. Тут жыве рэдкі для сённяшняга дня майстар па… збруі.
Да паслуг Івана Бяляшчанкі звяртаюцца жыхары нашага раёна і суседніх — Хоцімскага і Касцюковіцкага. Крыху больш за чвэрць стагоддзя Іван Іванавіч робіць і рамантуе збрую. Наплыў заказаў у яго пачынаецца вясной, разам з пасяўной.
Шчырыя словы падзякі за працу казалі не раз яму многія ўдзячныя гаспадары. Яны затым і раілі яго паслугі сваім знаёмым.
— У маладосці я працаваў фатографам. Потым са мной здарыўся няшчасны выпадак, у выніку чаго я пашкодзіў ногі… Атрымаў інваліднасць… Аднак жыццё працягваецца. Трэба было жыць далей, зарабляць на хлеб, — гаворыць Іван Іванавіч. — З чаго ўсё пачалося? Неяк да мяне прыйшоў сусед і папрасіў дапамагчы яму адрамантаваць хамут. Я згадзіўся. Атрымалася няблага. Пасля — яшчэ адзін… Вось так і пачаў я займацца гэтай справай. Напрыклад, каб сплесці аброць, патрэбна дні два-тры. Па просьбе некаторых вяскоўцаў упрыгожваю вупраж рознакаляровымі ніткамі. Як-ніяк, прыгажосць павінна быць ва ўсім! — гаворыць майстар.