Стараста вёскі Леанполле Лідзія Даніленка: “ Я і спала б у лесе…”

Стараста вёскі Леанполле Лідзія Даніленка: “ Я  і спала б у лесе…”

Да гэтай дбайнай гаспадыні ідуць землякі з рознымі пытаннямі, ды і проста сустракаюцца з ёй, каб перакінуцца словам, пажартаваць.
Лідзія Іванаўна зараз на пенсіі. Каля васямнаццаці гадоў яна адпрацавала ў гандлі, а пазней столькі ж часу была малаказборшчыцай. Усе справы вясковая руплівіца імкнулася рабіць толькі на “выдатна”. Быць працавітымі і шчырымі вучыла сына і дачку.
Разам з гэтай жанчынай крочыць яе каханы, Васіль Сямёнавіч. Ён — добры бацька, муж, надзейны чалавек. Трыццаць пяць гадоў плыве сямейны карабель Даніленак па бурлівым жыццёвым моры.
На падворку Даніленак багата хатняй жывёлы. Гэта адзіныя ў вёсцы гаспадары, якія трымаюць карову, ды не адну, а дзве. Ёсць у іх свінні і шмат рознай хатняй птушкі. Апрацоўваюць гектар зямлі. Маюць уласны трактар, касілку, плугі.
Рыхтавацца да пасяўной Лідзія Іванаўна пачынае задоўга да таго, як сыйдзе снег. У пачатку красавіка ў яе ўжо вырастае добрая расада памідораў, перцаў і кавуноў. Дарэчы, гэтай смачнай ягадай яна не першы год ласуецца сама і частуе ёю родных.
З прыходам цёплых дзён спраў у старасты значна павялічваецца. Трэба сачыць за добраўпарадкаваннем у вёсцы, і на агародзе паспець усё дагледзець, і па гаспадарцы ўправіцца. А ўлетку кліча лес.
— Люблю лес. Там адпачываеш, як кажуць, душой і целам. Мне падабаецца збіраць любыя яго дары! У нас іх расце шмат. У сезон, здаецца, і спала б у лесе. Там такое хараство! І задавальненне, і карысць адначасова, — прызнаецца кабета.
У хаце ўтульна і чыста. Пакой упрыгожваюць розныя кветкі. Шмат іх улетку і на вуліцы. Па ўсім бачна, што гаспадыня любіць парадак ва ўсім — і ў справах, і ў думках.