Хлебасольная гаспадыня

Хлебасольная гаспадыня

— Калі ласка, заходзьце ў хату! Хаця — не. Пачакайце крышачку. Я зараз у іншы пакой свайго любімага сабачку перавяду, каб ён вас не напалохаў, — гасцінна запрашае Раіса Тупіцына.
Звонкае гаўканне яе чатырохногага вартаўніка чутна далёка. Па ўсім бачна: хоча абараніць гаспадыню ад чужых.
— Гэта мая Ліза. Яна жывё ў хаце. З ёй весялей і надзейна, — тлумачыць жанчына.
Раіса Уладзіміраўна жыве адна. Яе муж, на жаль, ужо нябожчык. Часцей за ўсё наведвае сваю матулю сын-магіляўчанін Рыгор. Другі ж яе сын, Аляксандр, — у Эстоніі, таму бываць часта ў бацькоўскай хаце ў яго не атрымліваецца. Мая суразмоўца даўно стала бабуляй. У яе трое любімых унукаў.
Доўгі час Раіса Тупіцына працавала паштальёнам. Зараз нават цяжка ўжо і падлічыць, колькі яна прайшла кіламетраў. Гэту добразычлівую жанчыну заўжды чакалі вяскоўцы, бо для іх яна была не толькі добрым работнікам пошты, але і шчырай суразмоўцай.
Адкрытым, сонечным і хлебасольным чалавекам Раіса Уладзіміраўна засталася і зараз.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.