Без гісторыі няма сучаснасці

Вёска Звянчатка вядома з 18 стагоддзя. У 1768 годзе — сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. Пасля пракладкі ў 1851 годзе Маскоўска-Варшаўскай шашы ў вёсцы размясцілася паштовая станцыя, якая мела дзевяць коней. У 1889 годзе адкрыта школа, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне. У Вялікую Айчынную вайну са жніўня 1941 да 27 верасня 1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У верасні 1943 года поўнасцю спалена гітлераўцамі. Пасля вызвалення адбудавана. На ўшанаванне памяці 249 землякоў, якія загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе, у 1967 годзе ў скверы пастаўлены абеліск. У 1986 годзе пабудаваны храм у гонар святога Васілія Вялікага.
Зараз у Звянчатцы жывуць 423 чалавекі. Сярод іх 237 — працаздольнага ўзросту і 105 — да васямнаццаці гадоў. Едучы па аграгарадку, любуешся новымі будынкамі, прыгожымі вуліцамі, кветкамі, што аздабляюць вясковы пейзаж.