Чалавек гартуецца працай

Чалавек гартуецца працай

На вуліцы з гаваркою назваю Энтузіястаў аграгарадка Звянчатка жыве сям’я Ірыны Фёдараўны і Віктара Васільевіча Сямікіных. У аграгарадку яны вядомы сваёй працавітасцю. На падворку гаспадароў карова, свінні, трусы, розная хатняя птушка. Апрацоўваюць больш за гектар зямлі.
— Я і муж выраслі ў сем’ях, дзе ніколі не было лайдакоў, дзе шанавалі земляробаў. Бацькоўскі наказ «працуй, не лянуйся» перанеслі і ў свае сем’і. Дзеці выраслі не беларучкамі, цяпер стараемся навучыць такому ўкладу жыцця і ўнукаў, — кажа Ірына Фёдараўна.
Самая малодшая ў сям’і — адзінаццацігадовая Аня. Дзяўчынка заўжды прыходзіць матулі і тату на дапамогу, а таксама радуе іх сваімі поспехамі ў вучобе. Напрыклад, сёлета яна заняла першае месца ў раённай алімпіядзе па нямецкай мове. Двое ж другіх іх дзяцей, Эдуард і Таццяна, ужо самі сталі бацькамі.
Летам у госці да бабулі і дзядулі прыязджаюць унукі з Магілёва. Яны з задавальненнем ласуюцца клубніцамі і ляснымі ягадамі.
— Дзе вы любіце адпачываць летам? — пацікавіўся аўтар гэтых радкоў у Сямікіных.
— На беразе хуткаплыннага Астра, у лесе, збіраючы ягады і грыбы, чытаючы ў засені дрэў каля хаты цікавую кнігу або газету. Дарэчы, адно з нашых любімых перыядычных выданняў — «Родная ніва», якая надзейным сябрам прыходзіць да нас шмат гадоў.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.
На здымку: Ірына Фёдараўна, унукі Каця і Данііл, дачка Аня, Віктар Васільевіч.