Горкі хлеб чужыны

Вера Іванаўна Асмалоўская з вёскі Гірэевічы верыла, што жыццё ў яе складзецца шчасліва. Дзяўчыне ледзь споўнілася сямнаццаць. Марыла далей атрымаць спецыяльнасць і працаваць на карысць роднага калгаса. Хто ж ведаў тады, у 1941 годзе, праз якія выпрабаванні давядзецца прайсці…
Яе, як і многіх маладых нашых суайчыннікаў, фашысты прымусілі на іх працаваць. Вера Іванаўна ўспамінае былое і не можа стрымаць слёз. Хаця перажытае загартавала гэтую жанчыну, якой зараз 87 гадоў.
— Хачу сказаць, і сярод немцаў былі добрыя людзі. У гэтым я сама ўпэўнілася. Працавала я ў аднаго з бауэраў. У гаспадара было пяцёра дзяцей. Меў ён вялікую гаспадарку, таму завіхацца даводзілася і сваім, і чужым. Аказаўся гэты чалавек не толькі руплівым, але і спагадлівым. Пакрысе раззнаёміліся. Я ж расла круглаю сіратой. Рана засталася без маці і бацькі. Выхоўвала мяне мачаха. Гаспадар гэта разумеў, спачуваў мне. Есці запрашаў за адзін стол з яго сям’ёй. Працавалі з сямі раніцы да васьмі вечара. Даіла кароў, карміла свіней, выконвала іншую сялянскую работу. Так прайшлі два з паловай гады ў няволі.
Вызвалілі амерыканцы. Агітавалі застацца за мяжой. Па праўдзе, некаторыя з былых падняволеных згаджаліся. Але я імкнулася дамоў. Цягнула на радзіму, хаця і ведала, што там не засталося ні кала, ні двара…
Выйшла замуж, працавала ў саўгасе. Выхавала траіх дзетак. Як бы цяжка ні было, старалася вырасціць іх працавітымі, сумленнымі людзьмі.
Дзякуй Богу, што сёння над намі сонечнае неба.
Запісала Раіса Сяргеенка.