Песенны майстар

Песенны майстар

Родам Іван Васільевіч з Крупскага раёна, што на Міншчыне. Па адукацыі — інжынер-механік. Працаваў на будоўлях і заводах, а таксама выкладчыкам у вучылішчах.
Першыя вершы беларускамоўнага паэта з’явіліся ў друку, калі яму споўнілася 50 гадоў. На сёння І.В.Цітавец мае чатыры сотні лірычных і патрыятычных твораў. На яго вершы напісалі музыку каля двухсот дарослых і юных кампазітараў. Сярод іх такія патрыярхі музычнага свету, як А.Багатыроў, І.Лучанок, Л.Захлеўны, Я.Навуменка. Назаву ячшэ Г.Сёміну і М.Слізкага, бо яны прымалі ўдзел у вечарыне.
Яшчэ ж цудоўныя песні на словы Цітаўца гучалі са сцэны раённага цэнтра культуры ў выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — ансамбля беларускай песні “Церніца”. Выконваюць іх на вялікіх сцэнах яшчэ хор імя Цітовіча, Н.Мікуліч, І.Кабзон, М.Гнацюк ансамблі “Бяседа”, “Свята” і іншыя спевакі і калектывы.
Нямала ў паэта-песенніка выданняў. Вось гэтыя вершы — са зборніка “Далёкая вясна”.
Валянціна КВАРЦЮК.

Як цябе намаляваць?

Нямала фарбаў у паэтаў,
Ды як цябе намаляваць,
Усе адценні перадаць,
Каб атрымаць святло санета?
Каб загучала на цымбалах
Усё, што я хачу сказаць,
Што нельга словам перадаць,
Каб ты праз музыку пазнала.

Не гавары

Не гавары, што не кахаю,
Што слоў салодкіх не кажу,
З табой душэўна ажываю,
Нібы расток пасля дажджу.
Душа лікуе і смяецца.
Да сшытка цягнецца рука.
Твой вобраз міла адаб’ецца
У гуках спеўнага радка.