З раёнкай па жыцці

З раёнкай па жыцці

Сёння, паважаныя чытачы, мы прапануем вам новую рубрыку “Дзе ж вы цяпер?”, у якой будзем расказваць пра жыццё тых людзей пенсійнага ўзросту, што пакінулі адметныя след.
Так вядзецца, што імя таго, хто працуе і дасягае пэўнага поспеху на працы, мы чуем часта. Пра перадавікоў можна даведацца са сродкаў масавай інфармацыі, ды і сам чалавек заўжды навіду. А як складваецца іх лёс пасля выхаду на заслужаны адпачынак? Чым займаюцца? Чым здзіўляюць землякоў? Знаёмцеся: першы наш суразмоўца — былы знакаміты механізатар раёна, наш гонар, Аляксандр Канапелька.
У скарбонцы працоўных дасягненняў гэтага мужчыны два ордэны: “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікія Ганаровыя граматы.
У час пасяўной і ўборачнай кампаній Аляксандр Іванавіч, можна сказаць, жыў у полі: выходзіў з хаты на досвітку, а прыходзіў, калі змяркалася. Ён увесь час кіраваўся такім дэвізам: працаваць добрасумленна, бо зямля не любіць лайдакоў, а таму ніколі не аддзячыць ім добрым ураджаем.
За плячыма майго суразмоўцы заўжды быў надзейны тыл — жонка Таццяна. Са сваёй каханай яны ідуць разам па жыцці больш за паўстагоддзе.
Аляксандр Іванавіч Канапелька жыве ў вёсцы Хадунь. Сюды ж у свой час пераехала з Шумячскага раёна яго другая палавінка. Муж і жонка пабудавалі хату, выгадавалі траіх дзяцей, дачакаліся унукаў і праўнукаў.
Пасля выхаду на пенсію Аляксандр Іванавіч больш часу стаў праводзіць на прысядзібным участку. Купіў каня — надзейнага памочніка вяскоўцаў. Завёў пчол і з задавальненнем завіхаецца на пасецы. Ходзіць у грыбы.
Летам на канікулы да Аляксандра Іванавіча і Таццяны Міхайлаўны Канапелек прыязджаюць унукі з Магілёва і Баранавіч. У Хадуне ім раздолле! Вабіць да сябе хуткаплынны Асцёр, што цячэ недалёка ад хаты, кліча лес. А якое свежае паветра навокал! Адным словам — хараство.
Аляксандр Іванавіч Канапелька доўгі час выпісвае раённую газету, якую заўжды чакае як добрага сябра. Дарэчы, з падпіскай на гэта перыядычнае выданне ён ніколі не марудзіць, што раіць рабіць і астатнім.
Таццяна Падліпская.