Бібліятэка адзначыла юбілей

Малышкавіцкай сельскай бібліятэцы ў знамянальны год — Год кнігі — споўнілася 60! Без экскурса ў гісторыю, вядома ж, не абыйсціся.
Спачатку гэта ўстанова знаходзілася ў в. Заходы, але хутка для яе знайшлося месца ў саўгаснай канторы. Непрацяглы час бібліятэкарам працаваў Аляксандр Васільевіч Саковіч. Потым сюды прыйшла сапраўдная гаспадыня — Людміла Міхайлаўна Садоўская. За амаль 20 гадоў працы яна неаднаразова заахвочвалася за добрасумленнасць і поспехі, дасягнутыя ў абслугоўванні вяскоўцаў. Сярод самых высокіх узнагарод мае медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, Дыплом Міністэрства культуры БССР.
Калі бібліятэкар пераехала ў Клімавічы і ўладкавалася ў дзіцячую бібліятэку, яе месца ў Малышкавіцкай СБ заняла Людміла Сцяпанаўна Цішчанка. І яна не раз заваёўвала для сваёй установы званне “Бібліятэка выдатнай працы”.
Таксама не падвяла папярэдніх калег Алена Аркадзьеўна Казадоева. Нягледзячы на тое, што мела бухгалтарскую спецыяльнасць, яна адразу знайшла сябе ў бібліятэчнай справе, а з часам і дыплом бібліятэкара атрымала. Яе самаадданая праца адзначана Ганаровай граматай і грашовай прэміяй райвыканкама. У 2004 г. жанчына па сямейных абставінах была вымушана вярнуцца на малую радзіму — у Пінск. Там цяпер працуе ў школьнай бібліятэцы разам са сваёй малодшай дачкой. А старэйшай “перадала” Малышкавіцкую СБ, зрабіўшы наказ прадаўжаць лепшыя традыцыі бібліятэкі. Гэтым і займаецца вось ужо каля 10 гадоў Таццяна Васільеўна Леаненка.
У адзін з ліпеньскіх дзён у вясковым храме культуры адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды юбілею. З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі прыехалі сюды дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Т.П.Даменікан, бібліятэкар Раднянскай СБ Н.П.Саламаціна, ветэран працы і паважаны сярод бібліятэкараў раёна чалавек А.В.Сіліверстава, а яшчэ — А.А.Казадоева. Прыйшлі і самыя актыўныя чытачы. Музычныя падарункі гасцям падрыхтавала гаспадыня ўстановы з навучэнкай мясцовай школы Карынай Максіменка. Былі і ўзнагароджанні: дыпломы “Лепшы чытач бібліятэкі” атрымалі пенсіянеры Т.Ф.Куранкова, Л.С.Максіменка, Л.М.Бараноўскі і В.А. Зеньковіч, паштальён Л.А.Бурдзілава і работніца сельскага клуба А.В.Падабед.
Валянціна КВАРЦЮК.