Дзве Буды: Кісялёва і Фядотава

Дзве Буды:  Кісялёва і Фядотава

Як сцвярджае ў кнізе “Уласныя імёны ў часе і прасторы” даследчык тапанімікі В.В.Шур, на карце Беларусі і свету ёсць шэраг назваў, якія гучаць і пішуцца аднолькава, а паходжанне не ва ўсіх выпадках роднаснае. Параўнайце: Буда і Пешт — пасяленні на берагах Дуная, якія далі назву сучаснай сталіцы Венгрыі, і многія вёскі Буды на Беларусі.
Цікавасць уяўляе назва Буда і яе шматлікія разнавіднасці, якіх толькі ў нашай рэспубліцы налічваецца больш за сто варыянтаў.
Усе назвы ад гэтых асноў паходзяць ад старажытнага тэрміну «буда»— невялікая будыніна, часовае жыллё. Са словам «буда» роднаснымі будуць дзеяслоў «будаваць»; назоўнікі «будка» — збітае з дошчачак жыллё для сабакі, «будан» — жыллё з галля, саломы ці тонкага бярвення для часовага жылля; верх, пакрыццё павозкі і інш.
На тэрыторыі раёна сустракаюцца аднаслоўныя і двухслоўныя ўтварэнні: былыя вёскі Будзішча (Савініцкі с/с), Будлаўка (Родненскі с/с), а таксама Высокая Буда (Высакоўскі с/с) і добра вядомыя Фядотава Буда (Галіцкі с/с) і Кісялёва Буда, якая знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета з аналагічнаю назваю.

АД ЯКОГА КІСЯЛЯ КІСЯЛЁВА БУДА?
Пэўна, жыў тут калісьці пан Кісель ці жыхары вельмі ўжо любілі кісялі варыць, таму і вёска так называецца.
Кісялёва Буда знаходзіцца за 18 км на паўночным усходзе ад Клімавіч, 142 км ад Магілёва, 2 км ад чыгуначнай станцыі Шасцёраўка па лініі Магілёў — Рослаў. Транспартныя сувязі па шашы Магілёў — Масква, якая праходзіць паблізу населенага пункта.
Кісялёва Буда вядома з 18 ст. У час Вялікай Айчыннай вайны немцы спалілі 68 двароў. Пасля вайны была адбудавана. У памяць аб 151 земляку, якія загінулі на фронце, у 1977 г. у цэнтры пастаўлена стэла.
Зараз у вёсцы ёсць ФАП, магазін, сельскі клуб, бібліятэка, пошта. Тут пражываюць 284 чалавекі (сярод іх да 18 гадоў — 49, працаздольнага ўзросту — 149, астатнія — пенсіянеры). Дарэчы, у Кісялёвай Будзе жывуць перасяленцы з забруджаных вёсак пасля аварыі на ЧАЭС.
Вёска ў Савеце з’яўляецца лідарам па колькасці рагуль. Некаторыя кісялёвабудцы трымаюць на падворку па 3-5 кароў. А вось у Фядотавай Будзе рагуль увогуле няма.Калі едзеш па вёсцы, то позірк мімаволі спыняецца на некаторых хатах, побач з якімі растуць кветкі ці стаяць цікавыя ўпрыгожанні. Сярод такіх дбайных і неабыякавых да прыгажосці гаспадароў — сем’і Уладзіміра і Марыі Бурбаевых, Святланы і Андрэя Прыгоркі…
Праходзячы міма хаты Таццяны і Сяргея Макарковых, немагчыма не спыніцца, каб не палюбавацца прыгожымі малюнкамі на іх жыллі. Вялікі фанабэрысты глушэц і жар-птушка аздабляюць цагляныя сцены.
Гаспадыня майстарскі валодае пэндзлікам. Захапленне матулі перанялі яе двое сыноў — Аляксандр і Дзмітрый. Таццяна Мікалаеўна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Вялікамохскай школе. На ўроках яна імкнецца не толькі перадаць дзецям веды, а і развіваць іх эстэтычны густ.
— У нашай сям’і любяць птушак. Трымаем некаторых з іх на сваім падворку. З цікавасцю назіраем за жыццём крылатых сяброў. Таму нездарма некаторыя з іх упрыгожваюць хату, — прызнаецца Таццяна Макаркова.
Самая юная жыхарка мясцовасці — чатырохмесячная Насця Кавалёва — жыве на вуліцы з гаваркою назваю Маладзёжная. Яна — другая дачушка ў бацькоў Вольгі Мікалаеўны і Рамана Аляксандравіча. Сястрычку ж Насці, будучую першакласніцу, завуць Мілана.
Гаспадар гэтай маладой сям’і працуе лесніком у Кісялёва-Будскім лясніцтве. Асноўны ж занятак жонкі — выхаванне дзетак, клопат па гаспадарцы.
Кавалёвы трымаюць парсючкоў, хатнюю птушку, вырошчваюць розную гародніну.
Людзі з добрым сэрцам. Так можна сказаць пра мужа і жонку Галіну і Генадзя Кір’янавых, а таксама іх дачку Алёну. Гэта дружнае “трыа” працуе сацыяльнымі работнікамі. Іх заўжды з нецярпеннем чакае 21 жыхар з вёсак Кавалёўка, Іванаўск, Завідаўка. За сумленную працу ў адрас Кір’янавых гучаць цёплыя словы ад кіраўніцтва і пенсіянераў.
— Часта дапамагаем нашым пажылым людзям усе разам. Так зручней, весялей і хутчэй. У гэтых маленькіх вёсачках нас чакаюць не толькі, каб мы зрабілі пэўную справу, а каб проста перакінуцца словам. Ездзім да іх на ўласным аўтамабілі. Спачатку наведваем ФАП, каб набыць патрэбныя лекі, затым — магазін. Потым бяром прылады працы і адпраўляемся ў дарогу, — кажа Галіна Іванаўна.
Галіна і Генадзь Кір’янавы нарадзіліся на расійскай зямлі. Муж — з Шумяцкага раёна, а жонка — з Рослаўскага. У Кісялёву Буду прыехалі ў 1988 годзе. За гады жыцця залатыя рукі гаспадароў стварылі ўтульнасць і прыгажосць каля хаты і ў памяшканні. Абзавяліся гаспадаркай. Не застаюцца ў баку ад спраў і х дачка і сын.
Амаль дваццаць гадоў (без шасці месяцаў) галоўнай “тамадой” вёскі з’яўляецца Галіна Саўчанка. Гэта жыццярадасная, энергічная жанчына — загадчыца мясцовага клуба. Пад яе зладжаным кіраўніцтвам праходзяць розныя мерапрыемствы, якія дазваляюць вяскоўцам цікава і культурна праводзіць свой вольны час.
Асаблівай ўвагі заслугоўвае дуэт частушачніц — Галіны Саўчанкі і Людмілы Гарбачовай. Тут створаны добра вядомы фальклорны калектыў “Будзянскія дзяўчаты”. Ён неаднаразова з поспехам выступаў на розных раённых мерапрыемствах, а таксама на сцэнах іншых сельскіх клубаў Клімаўшчыны.
Пра тое, што Ніна Камарова ведае багата народных песень і абрадаў, вядома не толькі землякам, а і збіральнікам фальклору з Санкт-Пецярбурга. Менавіта з гэтага прыгожага горада Расіі прыяз-джалі спецыялісты, каб запісаць залацінкі народнай мудрасці Ніны Іванаўны.
Н.І.Камаровай 71 год. Доўгі час працавала яна ў сельскай гаспадарцы аграномам. Загартоўка працай і зараз не дазваляе ёй сядзець без справы. Яна трымае коз, трусоў, хатнюю птушку. З задавальненнем спявае ў фальклорным калектыве. Перадае народную спадчыну моладзі.
На падворку Надзеі Чарновай — замежны каларыт. Яго ствараюць парсючкі в’етнамскай пароды. Гэтых жывёл немагчыма не заўважыць. Трынаццаць парсючкоў мірна ядуць траву адразу ж за плотам каля дарогі. Па словах Надзеі Мікалаеўны, нярэдка каля іх з цікавасцю прыпыняюцца дзеці ці некаторыя дарослыя, каб сфатаграфаваць.
Надзея Мікалаеўна — адзіная пакуль у вёсцы гаспадыня, якая завяла год назад в’етнамскіх парсючкоў. Акрамя іх, на яе падворку мірна ўжываюцца і белыя свінні, і дзве каровы, і куры, і качкі. Па ўсім бачна, гаспадарка немалая. А таму спраў у Надзеі Мікалаеўны заўжды хапае.
Сям’я Людмілы Уладзіміраўны і Васіля Васільевіча Гарбачовых — адна з самых паважаных у вёсцы. Людміла Ула-дзіміраўна больш за трыццаць гадоў адпрацавала галоўным бухгалтарам у калгасе “Рабочы”. Зараз, будучы на пенсіі, займае пасаду бухгалтара ў КПУП “Сяляне”. Яе муж Васіль Васільевіч трыццаць тры гады быў дзяжурным на чыгунцы на станцыі Шасцёраўка. Яны выхавалі трое дзяцей, маюць шасцёра ўнукаў.
Пра Людмілу Уладзіміраўну ў вёсцы кажуць: залаты голас. Яна не толькі добра спявае, а і складае залівістыя частушкі. У яе ж мужа залатыя рукі. Відаць, не знойдзецца справы, якую ён не зробіць. Васіль Васільевіч умее граблі змайстраваць, і косы па-кляпаць, і збрую адрамантаваць… Ён добры цясляр, дбайны гаспадар і клапатлівы бацька.
Трымаюць Гарбачовы нямала хатняй жыўнасці. Правільна спланаваны дзень дазваляе ім зрабіць шмат розных спраў.
Таццяна Падліпская.