Экалагічны атрад — гэта цудоўна!

Экалагічны атрад — гэта цудоўна!

Урадлівыя палеткі і шырокія лугі, гаманкія рэчкі і шумлівыя лясы — гэта ўсё прасторы Бацькаўшчыны, наша багацце. Берагчы сваё багацце не азначае не кранаць яго. Берагчы — гэта значыць, карыстацца з розумам, каб яно прыносіла прыбытак, узбагачала краіну; каб яно не вычэрпвалася і засталося нашчадкам.
Гонар Беларусі — лясы. Яны ж — сыравіна, мясцовыя віды паліва і г.д. У нашым раёне штогод актыўна вядзецца распрацоўка дзялянак. А каб вырасціць сапраўднае дрэва, патрэбна не адно дзесяцігоддзе. Таму трэба своечасова клапаціцца пра аднаўленне лясных масіваў і замест спілаваных дрэў садзіць новыя.
Школьнае лясніцтва Гусаркаўскай базавай школы — найактыўнейшы памочнік лясгаса. Як расказала яго кіраўнік Наталля Аляксандраўна Масальская, яны штогод збіраюць жалуды і насенне дрэў, майструюць шпакоўні, дапамагаюць Гусарскаму лясніцтву ў пасадцы дрэў. У многіх мерапрыемствах прымае ўдзел практычна ўся школа. А яшчэ яе вучні звычайна ствараюць аснову студэнцкага экалагічнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Пятровіча Жмуроўскага, што дзейнічае пад эгідай райкама ГА “БРСМ”.Традыцыйна хлопцы і дзяўчаты — навучэнцы старэйшых класаў — займаюцца праполкай саджанцаў хвойнай пароды дрэў у пітомніку лясгаса, што размешчаны за вёскай Гусарка. Сёлета, акрамя вучняў Гусаркаўскай БШ, на праполцы былі таксама прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 і гімназіі.
У складзе атрада — 10 чалавек: Нікіта Маторын, Уладзімір Слабадчук, Ірына Елісеенка, Мілана Янчанка, Сяргей Баяраў, Алена Арцюхова, Марыя Ціткова, Аляксей Ульянаў, Дзяніс Чытайшвілі і камандзір — Ігар Іонаш. Дарэчы, трэці год існуе атрад, і другі год працуе ў ім Ігар. Ён вельмі адказны, таварыскі, таму і быў абраны камандзірам.
Дваццаць дзён дзейнічаў атрад. За гэты час быў наведзены парадак больш чым на 3-гектарнай плошчы. Стараліся студатрадаўцы, іх не палохала нават дрэннае надвор’е, якое здаралася раз за разам, — прыходзілі на працу актыўна.
Хлопцы і дзяўчаты зрабілі вельмі добрую справу і папрацавалі выдатна, за што ім шчырая ўдзячнасць і падзяка ад дырэктара Клімавіцкага лясгаса Уладзіміра Мікалаевіча Азаранкі.
Падрастуць ялінкі і зоймуць сваё пачэснае месца ў хваёвых лясах Клімаўшчыны.
Галіна Цыганкова.
На здымку: У.Слабадчук, М.Ціткова, І.Іонаш, А.Арцюхова, Н.Маторын.