Гаспадар ураджайных палёў

Гаспадар ураджайных палёў

Перада мной — даволі малажавы на выгляд мужчына: каржакаваты, загарэлы, усмешлівы.
— А колькі б вы мне далі гадоў? — цікавіцца пры выпадку.
— Ну.., — прыкідваю. — Недзе, крыху больш за шэсцьдзясят.
— Угадалі! — смяецца. — Сапраўды: больш за шэсцьдзясят… На чатырнаццаць гадоў.
Вясковы аграном і доўгі сон — паняцці супрацьлеглыя. Асабліва, калі ты — добры аграном, дбайны і руплівы гаспадар на палетках. Вось такі, як мой суразмоўца Васіль Барысавіч Лазарэнка — галоўны аграном філіяла “Прыгранічны” ААТ “Клімавіцкі КХП”.
Уставаць рана Васіль Барысавіч прывык з маленства, бо сам ён вясковы — нарадзіўся ў вёсцы Фёдараўка. А пасляваеннае паўгалоднае дзяцінства прымушала дзятву рана ўпрагацца ў дарослую працу, дапамагаць старэйшым здабываць кусок хлеба.
Ды, нягледзячы на цяжкасці, моладзь цягнулася да ведаў. Вось так і Васіль: скончыў Звянчацкую сямігодку, потым — Вялікамохскую сярэднюю школу і паступіў у Жыліцкі сельскагаспадарчы тэхнікум на агранамічнае аддзяленне. А калі скончыў тэхнікум, вярнуўся назад. На радзіму. Прызначылі начальнікам вытворчага ўчастка Кавалёўка саўгаса “Звянчацкі”, дзе і адпрацаваў каля сарака гадоў.
Аграном — гаспадар палёў. Але колькі працы, старання і жадання трэба прыкласці, каб стаць сапраўдным гаспадаром, каб зямля давала аддачу важкімі ўраджаямі!
Малады аграном не ведаў за клопатам ні дня, ні ночы. “Еду па палявой дарозе на сваім матацыкле з люлькай, а насустрач — першы сакратар райкама партыі: раённае начальства таксама ру-пілася, кантралявала, правярала работу падначаленых. Ка-лі што не так — узбучка была добрая! Але і дапамога была таксама”, — успамінае Васіль Барысавіч.
Старанне маладога агранома не засталося незаўважаным, ды і ўраджаі былі неблагімі. “Па 25-30 цэнтнераў збожжа з гектара на тыя гады — вельмі добра!”, — кажа аграном. І, такім чынам, у 1972 годзе (у трыццаць чатыры гады) Васіль Барысавіч быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, а яшчэ праз чатыры гады (у 1976 годзе) — ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
Ладзілася не толькі ў працы, але і дома. Надзейны тыл забяспечвала жонка Таццяна Аляксандраўна. Хоць і ёй спраў таксама хапала (працавала ў жывёлагадоўлі). Хатнюю гаспадарку трымалі, дзяцей гадавалі. Добрымі выраслі дзеці, гонар бацькоў. Дачка Ларыса — медработнік, цяпер — мінчанка. Сын Андрэй — юрыст, жыве ў Казані. У кожнага свае сем’і, дзеці.
Руплівыя Лазарэнкі не могуць марна бавіць час. І зараз трымаюць добрую гаспадарку, даглядаюць агарод.
Здавалася б, не так яно і трэба…
— Але ж прыедуць дзеці, унукі — гэта ж святое: пачаставаць хатнімі прысмакамі. Ды і ў сумку нешта пакласці можна. Не сорамна перад дзецьмі — не ў пустую хату прыедуць, — кажа вясковец. — Будзем завіхацца, пакуль сілы ёсць.
Ёсць, ёсць сілы, дзякуй Богу. Вось здарылася пільная патрэба — і зноў пайшоў на працу Васіль Барысавіч Лазарэнка, галоўным аграномам немалой гаспадаркі. “Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж”, — любіць прымаўляць аксакал. І цягне так, што моладзі не грэх узяць прыклад з ветэрана.
Калі пацягнуць разам, дружна — будзе добрая справа.
Галіна Цыганкова.