Гаспадыня мудрых кніг

Гаспадыня мудрых кніг

Адной з паказальных устаноў сярод бібліятэк Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі з’яўляецца бібліятэка аграгарадка Макеевічы. Тут працуе загадчыцай таленавіты, няўрымслівы чалавек, сапраўдны прафесіянал сваёй справы Ганна Іванаўна Рубан.
Гады ляцяць, нібыта птушкі, ў жыццё ўплятаюць свае стужкі. У 1981 годзе маладзенькая мясцовая дзяўчына Ганна прыйшла працаваць у Макеевіцкую сельскую бібліятэку. Тут, на радзіме, шчасліва склаўся лёс сяльчанкі.
“Яе працоўны інструмент не ручка і фармуляр, а ўласная душа”, — кажуць калегі пра Ганну Рубан. Яна валодае лепшымі чалавечымі якасцямі: ветлівая, уважлівая, тактоўная, гасцінная, любіць сваю працу і ўмее працаваць. Актыўная, ініцыятыўная, з вялікім творчым патэнцыялам і энтузіязмам. Ёй даводзіцца быць не проста бібліятэкарам, але і псіхолагам, масавіком-забаўнікам, дызайнерам-афарміцелем, эрудытам-універсалам адначасова.
Спытайцеся ў аднавяскоўцаў, і яны адкажуць, што з задавальненнем прыходзяць у Макеевіцкую бібліятэку, бо тут прыгожа і ўтульна, кнігі — на любы густ, а калі што трэба, бібліятэкар хуценька закажа. Немалая справа — інтэрнэт, асабліва для моладзі. А ўлетку ў бібліятэцы, нібы пчолкі, гудзе дзятва: прыязджаюць да дзядуль і бабуль унукі з розных куточкаў Беларусі і Расіі, абавязкова прыходзяць сюды — ці то кніжак набраць, ці ў камп’ютарныя гульні пагуляць. І, канечне, асабліва часта наведваюць вольным часам канікул бібліятэку свае, мясцовыя.
Бібліятэка — цэнтр этнаграфічна-краязнаўчай дзейнасці. У 1979 годзе на яе базе быў створаны краязнаўчы клуб “Крынічка”, а Г.І.Рубан прадоўжыла і пашырыла гэту справу; у 2010 годзе па рашэнню Клімавіцкага райвыканкама ўстанова культуры набыла новы статус — Макеевіцкая сельская бібліятэка-музей. За добрасумленную, творчую працу Ганна Іванаўна неаднойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі розных узроўняў, яе імя было занесена на Раённую дошку гонару.
Натхнёная і руплівая на працы, яна руплівая і ў жыцці. Клапатлівая гаспадыня, добрая жонка, цудоўная маці і бабуля.
Сям’я Рубанаў узорная ў Макеевічах. Муж, Міхаіл Уладзіміравіч, — перадавы механізатар, камбайнер, дбайны гаспадар і выдатны сем’янін. Дваіх унукаў (дакладней — унучак) падарылі бабулі з дзядулем дачка Алена з зяцем Дзмітрыем, добра працуе майстрам у камунальнай сістэме сын Уладзімір.
Нядаўна родныя, калегі, сябры віншавалі Ганну Іванаўну з цудоўным залатым юбілеем. Канечне, зычылі шчасця, здароў’я і новых поспехаў у працы і ў жыцці.
Планаў і задумак у бібліятэкара нямала. І яны абавязкова здейсняцца.
Галіна Цыганкова.
На здымку: Г.І.Рубан з унучкай Ксеняй.