Купальскія забавы

Купальскія забавы

Свята “Купалле” ведаюць, чакаюць і любяць як дарослыя, так і дзеці. У Клімавічах купальскія забавы праходзяць ужо каторы год у гарадскім гаі.
На гэты раз над сцэнарыем святкавання папрацавалі работнікі гарадскога Дома культуры — дырэктар установы Аксана Гурбовіч і мастацкі кіраўнік Марына Галкоўская. Удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення (ролі галоўных персанажаў — Купалінкі і Купаліша — выконвалі Марына Страчук і Дзмітрый Агееў), канцэртнай праграмы былі аматары мастацкай самадзейнасці ГДК і Ціманаўскага СДК.
Калі ж разгарэўся купальскі касцёр, многім з прыйшоўшых на свята захацелася ў карагод, бліжэй да вогнішча. Бо хто з нас не ведае, што магічны агонь не толькі асвятляе і сагравае, але і адганяе хваробы, няшчасці, ачышчае душы.
А тым часам шэраг хлопцаў і дзяўчат імкнуліся знайсці чароўную папараць-кветку. Пашчасціла аднаму з шукальнікаў. Яму і прыз ад арганізатараў свята дастаўся.
Завяршылася святкаванне Купалля на ўлонні прыроды дыскатэкай.
Не засталіся ў баку ад традыцыйнага культурнага мерапрыемства райспажыўтаварыства і хлебазавод, а таксама асобныя індывідуальныя прадпрымальнікі.
Валянціна КВАРЦЮК.