Лета спаць не дае!

Лета спаць не дае!

Жыхарку вёскі Мядзвёдаўка Вольгу Старавойтаву ў летні час застаць у хаце немагчыма. Яна то на агародзе шчыруе, то па гаспадарцы завіхаецца, то па ягады ходзіць… Працатэрапія — лепшыя лекі ад хвароб і дрэннага настрою, пераканана жанчына.
Такая актыўная жыццёвая пазіцыя сяльчанкі, напэўна, паспрыяла таму, што яна жыве і не лічыць свае гады. На ўсё хапае энтузіязму і жадання.
Не так даўно бабуля адзначыла васьмідзесяцігоддзе. З гэтай святочнай падзеяй Вольгу Мікалаеўну сардэчна віншавалі двое дзяцей, пяцёра ўнукаў, трое праўнукаў, а таксама сябры і суседзі.
Доўгі час жанчына працавала памочнікам кінамеханіка. Колькі фільмаў яна паставіла ў сельскіх клубах, зараз пенсіянерка нават не можа і падлічыць. Адзінае памятае дакладна: паглядзець кіно заўжды прыходзіла амаль уся вёска.
У вольны час Вольга Старавойтава з задавальненнем глядзіць кіно, чытае кнігі, свежую прэсу.
— “Родная ніва” — мая любімая газета. Пачала чытаць яе з малых гадоў. З таго часу ніколі не развітваюся з гэтым выданнем, — кажа сяльчанка.
Таццяна Падліпская.