Хто жыве на вуліцах імя Коласа і Купалы?

Хто жыве на вуліцах імя Коласа і Купалы?

Сёлета на працягу года па ўсёй краіне пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэтыя класікі сусветнай і роднай літаратуры належаць да тых выдатных асоб, чые творы маюць вечную каштоўнасць, з’яўляюцца багатым здабыткам для нацыянальнай і сусветнай культуры.
Дзейнасць народных паэтаў Беларусі Коласа і Купалы высока ацэнена нашчадкамі. Яны — адны з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, духоўныя лідары беларускага нацыянальнага адраджэння. Іх творы ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве.
З творчасцю нашых знакамітых землякоў знаёмы жыхары многіх краін свету. Напрыклад, верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» перакладзены на 82 мовы, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя — англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.
Імем Коласа названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску.
Імя Янкі Купалы прысвоена Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, шэрагу бібліятэк, школ.
Пра ўшанаванне памяці паэтаў таксама сведчаць шматлікія мемарыяльныя знакі. Многія плошчы, вуліцы гарадоў і населеных пунктаў Беларусі, а таксама іншых краін носяць імёны песняроў. Не выключэнне і наш раённы цэнтр.
Якуб Колас неаднаразова падчас рабочай паездкі наведваў Магілёўшчыну. У Клімавічах яму давялося пабываць вясной 1925 года. Другі раз — роўна праз год. У час сустрэчы з мясцовымі жыхарамі ён расказваў аб сваёй творчасці, чытаў уласныя творы і іншыя ўзоры прыгожага беларускага пісьменства, вёў гутарку па гісторыі беларускай літаратуры.
Пабываў у нашым раёне і Янка Купала. Аднак, на жаль, гэты факт нешырока вядомы.

З ЛЮБОЎЮ ПА ЖЫЦЦІ…

ідзе Уладзімір Мікалаевіч Карпянюк. Яго жонку завуць такім пяшчотным, мілагучным імем — Любоў. Любоў праз усё жыццё мужчына пранёс да сваёй радзімы, да землякоў, да прафесіі, да працы на зямлі і, безумоўна, да сваёй жонкі.
Руплівыя гаспадары Любоў Паўлаўна і Уладзімір Мікалаевіч жывуць на вуліцы Якуба Коласа амаль паўстагоддзя. Гаспадыня прыехала сюды за мужам з Віцебскай вобласці. Тут і пабудавалі яны сваё сямейнае гняздзечка. Выхавалі двух сыноў. Маюць пяць унукаў. Старэйшы сын, Віталій, — былы воін-інтэрнацыяналіст, жыве ў Асіповічах. Другі сын, Сяргей, працуе механікам на лікёра-гарэлачным заводзе.
Любоў Паўлаўна доўгі час працавала на чыгунцы. Спачатку камерцыйным агентам, а пасля — таварным касірам. У працоўнай кніжцы яе мужа значыцца толькі адзін запіс: майстар Клімавіцкіх электрычных сетак. Тут ён сумленна адпрацаваў сорак гадоў.
Летам спраў у маіх субяседнікаў значна прыбаўляецца: шчыруюць яны на градках, трымаюць хатнюю гаспадарку.
У сям’і Карпенюкоў сябруюць з кнігай. Нямала гадоў у іх хату прыходзіць раённая газета. Зрабіўшы справы па гаспадарцы, муж і жонка любяць пачытаць “Родную ніву”, а потым абмеркаваць пэўныя падзеі.
— Я ганаруся тым, што мне пашчасціла жыць на вуліцы імя Я.Коласа. З творамі класікаў знаёмілася ў школе. Некаторыя вершы ведаю на памяць. У бліжэйшы час перачытаю асобныя паэмы і вершы песняроў, — запэўнівае Любоў Паўлаўна.

«КВЕТКАВАЯ» ХАТА

На вуліцы Янкі Купалы адразу ж звяртае на сябе ўвагу хата Уладзіміра і Надзеі Голдзінавых, якая літаральна з усіх бакоў акружана рознакаляровасцю кветак. Захапленне кветкамі — адно з сямейных хобі Голдзінавых.
Уладзімір Дзмітрыевіч і Надзея Сямёнаўна самі пабудавалі дом. Пазней гаспадар зрабіў каля яго розныя сельскагаспадарчыя пабудовы, лазню. Дарэчы, майстраваць што-небудзь — гэта не толькі яго любімы занятак, але і прафесія. У свой час Уладзімір Дзмітрыевіч скончыў Аршанскае індустрыяльнае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “настаўнік працы і чарчэння”. Пазней, у сценах МДУ імя А.А.Куляшова, атрымаў вышэйшую адукацыю і стаў вучыць дзетак геаграфіі. За сваё жыццё мужчына прайшоў шлях ад педагога да дырэктара вучэбна-педагагічнага комплексу.
Яго жонка сорак гадоў адпрацавала ў гандлі.
У чэрвені Голдзінавы адсвяткавалі рубінавае вяселле. Дарэчы, рубін — сімвал гарачага кахання. Ён павінен нагадаць мужу і жонцы пра тыя пачуцці, якія іх перапаўнялі, калі яны вырашылі стаць адной сям’ёй. Такі юбілей сведчыць пра тое, што блізкасць мужа і жонкі таксама стала кроўнай, таму што колер рубіна падобны на кроў.
— Веру ў каханне з першага погляду. Калі ўпершыню ўбачыў будучую жонку, то паміж намі нібы прайшоў нейкі электрычны імпульс. Я тады сказаў сам сабе: яна будзе маёй. Так і адбылося, — прызнаецца гаспадар. — Свае пачуцці мы не разгубілі за сорак гадоў сумеснага жыцця. Выхавалі дзвюх дачок. Маем столькі ж унукаў. Сакрэт нашага сямейнага шчасця вельмі просты: каханне, павага і агульныя мэты.
Уладзімір Дзмітрыевіч і Надзея Сямёнаўна вырошчваюць багата рознай садавіны і гародніны. З яе потым робяць смачныя дамашнія загатоўкі, штосьці замарожваюць. Вельмі любяць вандроўкі. З задавальненнем спяваюць песні.
Кніга ў хаце Голдзінавых займае пачэснае месца. У іх вялікая дамашняя бібліятэка. Цікавасць да чытання яны прывівалі сваім дзецям з малых гадоў, а пазней гэтай добрай звычкай захапілі ўнукаў.
— Трылогію “На ростанях” Якуба Коласа перачытваў тры разы: у школе, затым у больш сталым узросце і некалькі месяцаў назад. Кожны раз адкрываю твор для сябе з іншага боку, знаходжу заўжды новае. З гадамі мы становімся мудрэйшымі, па-іншаму глядзім на рэчы, — кажа Уладзімір Дзмітрыевіч.

ШЧАСЦЕ І НАДЗЕЯ БАЦЬКОЎ

Трохгадовая дзяўчынка Ліза са смачным прозвішчам Саладкова — самая юная жыхарка на вуліцы Янкі Купалы. Яна — першае дзіця ў сям’і Анастасіі Іосіфаўны і Яўгена Уладзіміравіча. Пакуль Ліза з задавальненнем слухае казкі і вершы, што чытаюць ёй дарослыя. Але не за гарамі той час, калі яна і сама пачне адкрываць для сябе таямніцы друкаванага слова.
Матуля юнай гераіні — повар у дзіцячым садзе, а тата працуе вадзіцелем у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.
Паважаныя сябры! Дзе б вы ні жылі, у юбілейны год Коласа і Купалы, а таксама ў Год кнігі, на мой погляд, не лішнім будзе пагартаць некаторыя творы гэтых класікаў. Бо кожны раз, чытаючы іх, адкрываеш для сябе штосьці новае, нязведанае.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Анастасія Саладкова разам з дачкой Лізай.