З павагай да гераічнага мінулага!

З павагай да гераічнага мінулага!

З раніцы 3 ліпеня па ўсёй краіне праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму дзяржаўнаму святу — Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дзень вызвалення сталіцы 68 год таму і святкуецца сёння беларусамі як свята незалежнасці. Гэта даніна павагі гераічнаму пакаленню савецкіх людзей, якія цаной велізарных намаганняў і ахвяр заваявалі свабоду сваёй краіны і вызвалілі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мітынг-рэквіем каля брацкай магілы на гарадскіх могілках распачаў ваенны камісар Валерый Цімошык. Удзельнікаў мерапрыемства віталі ветэран працы Марыя Чарняцова, старшыня раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Таццяна Кулакова, вучні першай гарадской школы.
Па вуліцы Савецкай ад кінатэатра і да гарадскога парку прайшла святочная калона клімаўчан — прадстаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна. Іх віталі кіраўнікі раённай улады, суб’ектаў гаспадарання, грамадскіх аб’яднанняў.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка воіну-вызваліцелю, дзе адбыўся мітынг, прысвечаны 68-й гадавіне вызвалення Беларусі ад фашызму.
— У кожнага сваё паняцце слова “незалежнасць”. Але пры ўсіх сэнсавых адценнях усё ж галоўным застаецца, што незалежнасць — гэта гістарычная памяць, свой, нікім не пройдзены, шлях і падмацаваная любоўю вера ў сваю краіну, — адзначыў старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка. — Незалежнасць — гэта мы. Мы, народ Беларусі. Мы памятаем пра тых, хто не шкадаваў сябе дзеля нашага мірнага жыцця. Мы верым у заўтрашні дзень і працуем дзеля таго, каб ён быў мірным і сонечным.
Кіраўнік выканаўчай улады павіншаваў усіх са святам і пажадаў землякам дабрабыту, здароўя і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.
Васіль Аляксеевіч уручыў грашовую прэмію райвыканкама ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Дзмітрыевічу Зубаву.
Ад інтэлігенцыі раёна на мітынгу выступіла Вольга Чыгрэцкая, ад імя падрастаючага пакалення слова браў выпускнік сярэдняй школы № 3 Антон Грышчанка. Літмантаж падрыхтавалі вучні трэцяй гарадской школы. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто загінуў на полі бою, абараняючы нашу Радзіму.
Вялікі подзвіг старэйшага пакалення сёння надзейна падмацоўваецца воляй сучаснікаў, якія абралі ў якасці галоўнага прыярытэту развіцця краіны мірную працу.
Грашовымі прэміямі райвыканкама адзначаны выдатная вучоба і поспехі на абласных алімпіядах Веранікі Дубадзелавай, Рыгора Чарнякова, Віталя Моцнага і Рустама Батырава.
Потым у амфітэатры ладзіўся ўрачысты канцэрт “Беларусь — ты ў свеце адзіная”. Дзясяткі таленавітых выканаўцаў узнімалі настрой клімаўчанам і гасцям горада, якія завіталі да нас на свята.
Цікава прадстаўлялі сябе фальклорныя падворкі з населеных пунктаў сельскіх Саветаў.
Увечары ладзілася танцавальна-забаўляльная праграма, якая завяршылася патрыятычнай акцыяй “Праспяваем гімн разам”.
Надвор’е таксама спрыяла ў гэты дзень беларусам. Усе, хто прыйшоў на свята, падтрымалі свой узнёслы настрой і аддалі даніну павагі паважаным ветэранам, бо кожны з нас у паўсядзённай працы імкнецца зрабіць сваё жыццё, жыццё краіны лепшым.
Нікіфар МІНЧАНКА.