Фядотава Буда: тут радзіма героя

Фядотава Буда: тут радзіма героя

З гэтай вёскі пачылася мая дарога ў свет, — так могуць сказаць пра Фядотаву Буду (Галіцкі сельсавет) многія яе ўраджэнцы.
Да Фядотавай Буды ад райцэнтра трэба ехаць 32 км на ўсход, 157 км — ад Магілёва, 26 км — ад чыгуначнай станцыі Шасцёраўка. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Галічы і далей па шашы Касцюковічы — Клімавічы. Заснавана ў 1718 г. у Крычаўскім старастве Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У Вялікую Айчынную вайну са жніўня 1941 г. да 28.09.1943 акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1941 годзе каля вёскі базіраваўся першы партызанскі атрад, які быў створаны на Клімаўшчыне. Ураджэнец вёскі І.С.Салдаценка быў адным з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Клімавіцкага і Краснапольскага раёнаў (камісар 45-га асобнага партызанскага атрада “За Радзіму”, у чэрвені — верасні 1943 г. — Клімавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б).
Фядотава Буда — радзіма Героя Савецкага Саюза А.З.Петушкова (22.04.1918 — 25.07.1976), які вызначыўся ў 1943 г. у баях за вызваленне Кіева.
Зараз тут на дзвюх вуліцах, Маскоўскай і Паўднёвай, жывуць 47 чалавек, пераважна пенсіянеры. На жаль, гэты населены пункт папоўніў спіс так званых неперспектыўных вёсак раёна.

Ці жыве Фядот у Будзе?
Не, зараз людзей з такім імем ці імем па бацьку тут няма. Самымі распаўсюджанымі імёнамі з’яўляюцца Міхаіл, Васіль, Мікалай, а сярод жанчын — Ніна, Клаўдзія, Наталля, Любоў. Магчыма, калісьці Фядот першым пабудаваў тут сваю хату, каля якой пачалі сяліцца і астатнія. А ў яго гонар, відаць, і назвалі паселішча.
Пры ўездзе ў Фядотаву Буду нас са здзіўленнем першымі сустракаюць дзяўчынкі-весялушкі Вераніка Кавалёва, Вікторыя Сцепанюк, Анастасія Ефіменка.
Вераніка — адзіная вучаніца ў вёсцы, якая ездзіць за ведамі ў Малашкавіцкую школу. Яе сяброўкі прыехалі з райцэнтра ў госці да бабуль — Зінаіды Шудровай і Наталлі Гарбовіч.
— Мы часта бываем тут. Свежае паветра, раздолле, адсутнасць гарадской мітусні. Побач лес, дзе растуць розныя ягады. А якія смачныя дранікі і бліны пячэ ў печцы мая любімая бабуля! — кажа Вікторыя.
Трыццаць два гады сумленна дастаўляе свежую прэсу землякам паштальён Любоў Пісталетава. За гады працы яна адмерыла не адну сотню кіламетраў: ёй даводзіцца хадзіць на пошту ў Галічы, а пасля вяртацца дадому і ісці далей — у Касперку і Арцёмаўку. Адлегласць за дзень складае сямнаццаць кіламетраў. Добразычлівая і ветлівая, гаварлівая і ўсмешлівая, працавітая і шчырая — менавіта такой ведаюць Любоў Васільеўну яе землякі.
Зрабіўшы справы, жанчына ўладкоўваецца ва ўтульнае крэсла і пачынае вязаць прыгожыя сурвэткі, шкарпэткі ці кофты для родных. Майстэрству навучыла і дачку Людмілу.
Яе муж, Мікалай Іванавіч, — стараста вёскі. За яго плячыма — чвэрць веку працы ў сельскай гаспадарцы механізатарам. Зараз ён на пенсіі. Займаецца пчалярствам. А калі выдаецца вольная хвілінка, то з задавальненнем вудзіць рыбу на мясцовым вадасховішчы.
Не адну сотню прыгожых рэчаў вышыла за свой век самая старая жыхарка вёскі Клаўдзія Котава. Нядаўна яна скончына чарговую карціну. Многія свае работы падарыла дзецям, унукам ці сябрам.
— Іголку ў рукі ўзяла падлеткам. Мяне ніхто не вучыў. Бачыла, як рабілі дарослыя, ды паўтарала за імі. Люблю вышываць карціны. Убачу прыгожы малюнак, а затым імкнуся стварыць яго з дапамогай нітак, — расказвае Клаўдзія Сідараўна.
На лёс бабулі выпала багата выпрабаванняў. Адно з іх — Вялікая Айчынная вайна, перамогу ў якой яна набліжала ў партызанскім атрадзе.
Цесляра і бондара вёскі Аляксея Вашчыліна добра ведаюць па-за межамі раёна. На яго рахунку дзясяткі рам, дзвярэй, бочак і іншых вырабаў.
Хату майстра відаць здалёк: прыгожа аздобленыя вокны, разны ганак. Па ўсім бачна: тут жывё сапраўдны гаспадар.
Віктар Кавуноў у свой час быў узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў і знакам “Ударнік 9 пяцігодкі”. Ён працаваў механізатарам. Уставаў рана, вяртаўся дадому позна. Каб мець ураджай, на зямлі трэба шчыраваць, нібы пчолка. Так часта паўтараў мужчына і, не шкадуючы сіл, імкнуўся зрабіць сваю справу заўжды на “выдатна”.
На працягу жыцця Віктар Іванавіч не выпускае з рук гармонік.
Доўга ідзе з ім па жыцці яго надзейная сяброўка — жонка Клаўдзія Васільеўна. У ліку яе любімых захапленняў — вышыўка. Вялікія карціны не толькі ўпрыгожваюць хату, але і лепш за ўсякія словы кажуць пра майстэрства бабулі.
Хто галоўны грыбнік у вёсцы? Безумоўна, тутэйшыя ў адзін голас скажуць: Васіль Гарбовіч. У грыбны час ён можа схадзіць за дзень некалькі разоў. Вяртаецца заўжды з поўнымі кошыкамі: добра ведае ўраджайныя мясціны. У гэтым аўтар радкоў здолела пераканацца на свае вочы, калі мы завіталі да Гарбовічаў. Мужчына некалькі хвілін назад прынёс крамяныя лісічкі. Гаспадыня перабірала дары лесу, каб потым прыгатаваць з іх смачныя стравы.
Дарэчы, Наталля Васільеўна ў Фядотаву Буду прыехала за мужам з Кісялёва-Будскага сельсавета.
— Кісялёву Буду змяніла на Фядотаву, — любіць жартаваць яна. — За час жыцця тут ужо прыкіпела сэрцам да новых мясцін.
Гарбовічы выхавалі траіх дзетак, маюць унучку. Трымаюць хатнюю жыўнасць.
Гаспадары ўжо на пенсіі. У працоўнай кніжцы Васіля Мікалаевіча значыцца толькі адзін запіс — механізатар. Наталля Васільеўна была і заатэхнікам, і цялятніцай, і прадаўцом, і сацыяльным работнікам.
З выхадам на пенсію муж і жонка больш часу сталі адводзіць захапленням. Васіль ходзіць па грыбы, а Наталля вяжа прыгожыя палавікі. У сям’і Гарбовічаў любяць разгадваць красворды, чытаць кнігі, газеты. Сярод перыядычных выданняў пачэснае месца належыць “Роднай ніве”.
Таццяна Падліпская.