Мядовы Спас над прыгожым Астром

Мядовы Спас  над прыгожым Астром

Соты мядком духмяняцца,
Смачна блінцы румяняцца.
Тут хараства адмеціна
І даўніны пячаць.
Песні Старога Дзедзіна
Па-над Астром гучаць.
Святочнае мерапрыемства «Мядовы Спас над Астром» адбылося ў мінулую нядзелю на шырокім і ўтульным беразе ракі паблізу вёскі Стары Дзедзін. Трэці год запар яно ладзіцца на клімавіцкай зямлі з мэтай заахвочвання працы пчаляроў, далейшага адраджэння культурных традыцый нашых дзядоў і прадзедаў. І што немалаважна — з удзелам расійскіх сяброў.
Усіх, хто ў той дзень прыйшоў ці прыехаў на свята, ад душы віталі ўдзельнікі канцэртна-тэатралізаванай праграмы «Макавеева кветка»: ансамбль «Астранка» і дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў «Астраначка» мясцовага сельскага клуба, юныя танцоры з узорнага харэаграфічнага калектыву «Жывіца» Клімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, ансамбль песні і танца «Беразуха», удзельнікі народнага тэатра гульні «Гарэзы» і вакальная група народнага хору народнай песні раённага цэнтра культуры, самадзейныя артысты Раднянскага і Ціманаўскага сельскіх дамоў культуры, Мілаславіцкага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу. А таксама прадстаўнікі творчых калектываў з Шумяцкага і Ершыцкага раёнаў Смаленскай вобласці.
Вядучымі канцэртнай праграмы былі дырэктар Клімавіцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Сяргей Булянкоў і загадчыца аддзела па культуры і спорту Адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння «Шумяцкі раён» Ала Патапава.
На агульнай святочнай пляцоўцы, безумоўна, прыцягваў увагу маляўнічы і багаты падворак шэрагу сельскіх устаноў культуры Клімаўшчыны.
«Салодкі» гандлёвы рад пашырыўся ў параўнанні з мінулагоднім. Сваю якасную каштоўную прадукцыю (у тым ліку і ў сотах) прапаноўвалі дзесяць пчаляроў-аматараў Клімавіцкага раёна, а яшчэ — вытворчы ўчастак па пчалярству і развядзенню рыбы лікёра-гарэлачнага завода. Было чым наталіць смагу і падсілкавацца ў палатках раённага спажыўтаварыства.
Малым дзеткам прыносіла задавальненне з’есці пачку-другую марожанага ды паскакаць на батутах. Старэйшых хлапчукоў і дзяўчынак цягнула да вады, дзе індывідуальны прадпрымальнік Барыс Чарнякоў арганізаваў цікавае шоу.
Не адну гадзіну ля ціхага і прыгожага Астра лілася музыка, гучалі жарты і, вядома ж, цудоўныя песні ў выкананні беларускіх і расійскіх самадзейных артыстаў.
А 14 жніўня, на Макавея, ад вёскі Новы Дзедзін праваслаўныя вернікі накіраваліся да «Бяздоннага калодзежа». Хрэсны ход завяршыўся чарговым асвячэннем крыніцы. Гэты абрад правёў настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма г. Клімавічы айцец Інакенцій. Павіншавала ўсіх удзельнікаў мерапрыемства са святам начальнік аддзела ідэалагічнай работы раённага выканаўчага камітэта Марыя Пракопчык.
Валянціна Кварцюк.
Багаты стол падрыхтавалі ўдзельнікі падворка, якія прадстаўлялі Недзведзьскі сельскі клуб.