ПЕРАВАЛОЧНЯ: на мяжы з Расіяй

ПЕРАВАЛОЧНЯ: на мяжы з Расіяй

Беларуска-расійскае памежжа. Яно тут, у Перавалочні, сапраўды адчуваецца. Хоць бы ў тым, што ўлетку і ўвосень па ягады беларусы і расіяне ходзяць на адно і тое ж балота: нашы — са свайго боку, суседзі з Ершыцкага раёна — са свайго. І нярэдка ў тых ягадах сустракаюцца… Раней хлопцы і дзяўчаты з памежных вёсак ездзілі адны да другіх на танцы, гаспадары за-клікалі майстроў-цесляроў, печнікоў. Карацей, кіпела жыццё.
Перавалочня знаходзіцца ў Мілаславіцкім сельсавеце, за 40 кіламетраў на ўсход ад Клімавіч, 164 кіламетры ад Магілёва. На паўночнай ускраіне цячэ рака Струг (прыток р. Іпуць). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей — па шашы Макеевічы-Клімавічы.
Заснавана ў 1720 годзе ў Крычаўскім старостве Клімавіцкага павета, 26 двароў, 216 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1784 г. — 28 двароў, 224 жыхары. Гаспадар маёнтка меў у 1878 годзе ў вёсках Перавалочня і Кавалёўка 872 дзесяціны зямлі. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся нарыхтоўкай лясных матэрыялаў для розных вырабаў з дрэва.
У 1909 г. тут — 105 двароў, 717 жыхароў. Была царкоўна-прыходская школа. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа І ступені, у якой у 1925 годзе было 80 вучняў. Дзейнічала хата-чытальня, гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1929 годзе арганізаваны калгас “Чырвоны меліяратар”, у які першапачаткова ўваходзілі 32 гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Восенню 1941 года недалёка ад вёскі базіраваўся партызанскі атрад (170 чалавек), арганізаваны былым камандзірам 110-й стралковай дывізіі В.А. Хлябцовым.
Зараз у вёсцы ёсць толькі клуб. Замест крамы двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка . Перавалочня планіровачна складаецца з 6 кароткіх, прамалінейных, паралельных вуліц, злучаных завулкамі.
Наконт паходжання назвы мясцовасці існуюць розныя думкі. Вось некаторыя з іх. Першая сведчыць пра тое, што сюды перасяляліся людзі з хутароў. Усе свае пажыткі ім прыходзілася перавалакваць на сабе. Адсюль і назва паселішча.
Існуе і другая версія. Кажуць, што калі адступалі шведы, то на месцы, дзе зараз вёска, у іх быў прывал. Побач, у былой вёсцы Пусташ, захаваліся векавыя дубы, пад якімі, як сцвярджаюць старажылы, пры адступленні шведы закопвалі жбаны з нарабаваным золатам.
Песенны край, вёска нявест і прыгажунь — такія эпітэты з даўніх часоў замацаваліся за мясцовасцю. Перавалачнянскіх спявачак ведалі далёка за межамі раёна.
Вера Зубачова — адна з даўніх удзельніц мясцовага фальклорнага калектыву. Жанчына — сапраўдная скарбніца народных песень.
Трыццаць шэсць гадоў адпрацавала яна ў саўгасе даяркай, цялятніцай. Трымала вялікую хатнюю гаспадарку. Вырасціла траіх дзяцей. Працавала на зямлі. Вышывала. Хадзіла па грыбы і ягады… І, нягледзячы на вялікую колькасць розных спраў, заўжды спявала, знаходзіла час, каб паўдзельнічаць у розных культурных мерапрыемствах. Не развітваецца з песняю і зараз.
— У мяне спявалі бабуля і матуля. Ад іх у спадчыну перадаўся добры голас, ад іх пераняла тэксты многіх песень. На работу ішла і працавала, спяваючы. Была салісткай у калектыве. Песня ўздымае настрой. Дапамагае жыць, — кажа Вера Іванаўна.
Альберт і Аляксандра Эмберг — шчаслівыя бацькі чацвярых дзяцей. Зараз яны ўжо ганарацца і трыма ўнукамі, двума праўнукамі. Выраслі дзеці і, нібы птушкі, разляцеліся ў розныя бакі. Старэйшы сын Уладзімір жыве ў Клімавічах, Міхаіл — у Расіі, Генадзь — на Поўначы, Галіна — у пасёлку Кадзіна Магілёўскай вобласці. Але, нягледзячы на адлегласць, яны нярэдка збіраюцца разам у бацькоўскай хаце.
Аляксандра Яўменаўна — карэнная жыхарка. Юнацтва яе будучага мужа прайшло ў суседняй вёсцы — Галіцкай Мызе. Бацькі Альберта Карлавіча прыехалі ў Беларусь з Прыбалтыкі. На Клімаўшчыне нарадзіўся і Альберт.
Са сваёй каханай мужчына пазнаёміўся на танцах у Перавалочні. Пасля працаваў з ёй разам на шахце ў Данбасе. Затым вярнуліся на радзіму. Згулялі вяселле. Пабудавалі дом. Абзавяліся гаспадаркай. Альберт Карлавіч працаваў механізатарам, а Аляксандра Яўменаўна — у паляводчай брыгадзе.
Эмбергі вырошчваюць садавіну і гародніну. У родным двары чакаюць дзяцей і ўнукаў, бо бацькоўскі двор для іх родных крывіначак — адкрыты аэрадром, які прымае ў любое надвор’е без сігнальных агнёў.
Сёння Іван Якіменка ўжо не можа ўявіць сваё жыццё без пчалярства. У пятнаццацігадовым узросце ён мёў уласныя пчаліныя сем’і, частаваў мёдам сваякоў і сяброў. Гэта захапленне, відаць, перайшло да яго ад бацькі — вядомага ў раёне пчаляра. Іван Аляксеевіч больш за паўстагоддзе завіхаецца на пасецы, з павагай і клопатам адносіцца да пчолак.
Пэўны час працаваў на саўгаснай пасецы. Ён разам са сваёй калегай Любоўю Емяльянавай даглядаў трыста пчаліных сем’яў. Пра сваіх крылатых працаўніц мужчына можа з захапленнем расказваць гадзінамі. Мёд выкатвае толькі на Мядовы Спас.
Яго другая палова, Наталля Цімафееўна, таксама нагадвае пчалу: такая ж руплівая. Працуючы паштальёнам, яна паспявала хуценька, нягледзячы на вялікую адлегласць, разносіць свежую прэсу жыхарам суседніх вёсак. Ёй давялося па-працаваць і ў брыгадзе.
Івана Аляксеевіча землякі ведаюць і як гарманіста-самавучку. Яго ж спадарожніца жыцця ўмее прыгожа вышываць, прасці, вязаць цёплыя рэчы, пячы смачны хлеб.
Гаспадары берагуць калаўрот, з дапамогай якога пад гукі гармоніка гаспадыня прадзе воўну.
Печ займае ў хаце пачэснае месца. У ёй гападыня гатуе смачныя стравы. А як прыемна паляжаць на печцы ў сцюдзёны зімовы час! Вельмі важна, каб печ была добрай, каб доўга трымала цяпло. А гэта залежыць ад прафесіяналізма печніка.
Мікалай Казлоў за свой век склаў і адрамантаваў не адну добрую печку. Пры ўспаміне аб іх цеплыні вяскоўцы не шкадуюць у яго адрас шчырых слоў.
Мікалай Сілівёрставіч доўгі час працаваў муляром-цесляром. Цяпер на пенсіі. Ён — бацька траіх дзяцей, дзядуля трох унукаў і аднаго праўнука.
Стараста вёскі Раіса Стос — з ліку тых, пра каго з поўнай упэўненасцю можна сказаць: чалавек добрай душы і вялікага сэрца. Яна шчыра клапоціцца пра кожнага земляка: імкнецца аператыўна прыходзіць ім на дапамогу, калі трэба, і ціск памерае пенсіянерам. Раіса Канстанцінаўна добры суразмоўца, сумленны чалавек. Яе землякі адчуваюць гэта, таму давяраюць ёй, дзеляцца набалелым.
Больш за чвэрць стагоддзя Р.К. Стос з’яўляецца дэпутатам Мілаславіцкага сельсавета. Крэдыт даверу вяскоўцаў яна апраўдвае спаўна. У дваццаціпяцігадовым узросце яе выбралі дэпутатам — вось з таго часу яна верай і праўдай служыць людзям.
За плячыма маёй суразмоўцы 36 гадоў педагагічнай працы.
У Раісы Канстанцінаўны дзве дачкі. Старэйшая, Наталля, — настаўнік-дэфектолаг. Яе сястра Любоў вучыцца на 5 курсе Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.
— Будзьце добрымі, заўжды працягвайце руку дапамогі, жывіце сумленна, — гэтаму я заўжды вучыла дзяцей. Гэтага правіла прытрымліваюся штодзённа сама, — кажа жанчына.
Раіса Канстанцінаўна — дбайная гаспадыня. За лета яна нарыхтоўвае не адзін дзясятак слоікаў з садавінай і гароднінай, а таксама з рознымі дарамі лесу.
Хата старасты вёскі адразу ж кідаецца ў вочы: на фасадзе будынка намаляваны прыгожыя цюльпаны. Каля жылля расце нямала кветак. Яе прыклад добраўпарадкавання лепш за ўсякія словы кажа вяскоўцам, што для прыгажосці патрэбна няшмат: жаданне і фантазія.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Раіса Стос.