Працуем на роднай зямлі

Працуем на роднай зямлі

На роднай зямлі ўсё блізка і родна; на роднай зямлі і дыхаць свабодна (аўт.). Ці не гэтымі словамі кіраваліся браты Максім і Арцём Баркоўскія, застаючыся жыць і працаваць на роднай раднянскай зямлі?
Пяцёра дзяцей было ў іх бацькоў, Васіля Якаўлевіча і Таццяны Сяргееўны: чатыры сыны і дачка. Тры сыны засталіся тут, адзін жыве ў Оршы, дачка — пад Мінскам. Бацька і маці працавалі ў эксперыментальнай базе “Раднянская”, гэтаксама ж і Максім з Арцёмам — маладзёжны экіпаж камбайна. Старэйшы, Максім, ужо мае даволі багаты вопыт уборачных работ: некалькі гадоў працаваў памочнікам камбайнера, старшым камбайнерам. Другі год у яго памочнікам малодшы брат, Арцём.
Арцём спачатку вывучыўся ў Хоцімску на маляра-тынкоў-шчыка, потым скончыў курсы трактарыстаў у Клімавічах. Што ж, абедзве прафесіі добрыя, а ў жыцці можа прыдацца ўсё.
Вясёлыя, працавітыя хлопцы. Максім ужо жанаты, мае сямігадовага сына і трохгадовую дачку. Жонка, Таццяна, мае таксама сельскую прафесію — яна аграном-семенавод. Жыве сям’я ў асобным доме, што дала ёй у свой час сельгасарганізацыя. Як і трэба, змайстравалі сельгаспабудовы, трымаюць хатнюю жывёлу.
Гаспадар павінен забяспечваць сям’ю і зарабляць дастаткова грошай, лічыць Максім. А жніво — гэта якраз той перыяд, калі можна няблага-такі зарабіць — і грашыма, і зернем, што для вяскоўцаў таксама немалаважна.
Набліжаюцца парламенцкія выбары. Не магла абысці такую важную падзею і пацікавілася ў маладога экіпажа думкамі на гэты конт.
— Галасаваць пойдзем абавязкова, — запэўніў Максім. — Гэта ў нас сямейная традыцыя, што вядзецца ад бацькоў. У мінулы раз, калі выбіралі Прэзідэнта краіны, з жонкай бралі з сабой сына і ён уласнымі рукамі ўкінуў бюлетэнь — значыць, абраў сваю будучыню. Гэтаксама ж пойдзем і цяпер — зробім свой выбар, каб не зрабілі яго за нас.
Другія выбары ў жыцці ў Арцёма.
— Выбіраў Прэзідэнта, а зараз буду выбіраць Парламент. Абедзве падзеі найважнейшыя. Таму абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак і выкажу сваю думку.
Галіна Цыганкова.