Тут мой лёс

Тут мой лёс

“Я да глыбіні душы вясковы жыхар. Тут мне дыхаецца вальней, тут болей прастору. Люблю вёску, люблю вясковае жыццё,” — кажа Уладзімір Уладзіміравіч Новікаў, настаўнік геаграфіі і тэхнічнай працы Лабжанскай сярэдняй школы.
Спачатку ён стаў настаўнікам працы. Прычым, выкладаў у вясковай школе ў Гомельскай вобласці і вучыўся на дзённым аддзяленні Аршанскага педвучылішча адначасова. Як такое можа быць?
— У 1987 годзе я ужо быў на апошнім курсе вучылішча, стараста групы. І нас, 8 чалавек, як лепшых навучэнцаў накіравалі ў радыяцыйныя раёны Гомельскай вобласці, бо там была складаная сітуацыя з настаўніцкімі кадрамі. Я трапіў у Чачэрскі раён. Жыў на кватэры ў бабулькі. Вёў урокі працы ў школе і самастойна авалодваў праграмай чацвёртага курса педвучылішча. Потым са сваёй жа групай здаў дзяржаўныя экзамены і атрымаў дыплом.
З Гомельшчыны ж быў прызваны ў Савецкую Армію.
А пасля службы Уладзімір Уладзіміравіч вярнуўся ў родную вёску і ў родную школу. Завочна вывучыўся на настаўніка геаграфіі ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Танка. Ажаніўся з маладой настаўніцай пачатковых класаў Жанай Уладзіміраўнай. Так стварылася і шчасліва склалася сям’я вясковых настаўнікаў.
У добрых бацькоў добрыя дзеці. Дачка Аксана ўдзельнічала ў раённых школьных прадметных алімпіядах, была ўдзельніцай абласной алімпіяды па геаграфіі, але выбрала прафесію медыка — паступіла і ўжо сёлета скончыла першы курс Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Добра вучыцца сын-шасці-класнік Ігар. У яго, як кажа бацька, відаць, будуць здольнасці да камерцыйнай дзейнасці. Час пакажа.
Галіна Цыганкова.