У пошуках гістарычных каранёў

У пошуках гістарычных каранёў

Яніна Курсітэ-Пакуле — прафесар Латвійскага ўніверсітэта (г. Рыга). У нашых краях яна не ўпершыню. Гэтым разам з ёй прыехалі дэкан факультэта гуманітарных навук універсітэта Ілзе Румніеце і дактары навук. Мэта — гісторыя і лёс латышскіх пасяленняў на Клімаўшчыне.
— Пасля адмены прыгоннага права нямала латышоў раз’ехалася па свеце: у Беларусь, Сібір, нават у Бразілію — туды, дзе зямля была дзешавей, — распавядае Яніна. — Заснавалі свае калоніі (пасяленні), дзе захоўвалі нацыянальную мову, традыцыі, побыт. Пра гэта мы даведаліся з гістарычных крыніц, у тым ліку і пра тое, куды і колькі паехала нашых землякоў.
У 2004 годзе ўпершыню мы пабывалі ў Навасібірскай вобласці — у вёсцы, дзе захавалася латышская мова, якой цяпер у тым выглядзе ў Латвіі няма, старажытныя легенды, старажытныя песні. Пасля пачалі шукаць латышскія карані і ў другіх месцах, вывучаць гісторыю.
У Беларусі нас цікавілі два накірункі: Палессе і Клімаўшчына. Мы ўжо сустракаліся з жыхарамі Галіцкай Мызы, дзе, у асноўным, і пражывалі латышы.
— А якія гістарычныя звесткі ў вас ёсць пра Галіцкую Мызу?
— Мы змаглі даведацца, што Галіцкая Мыза была заснавана ў 1870 ці 1871 годзе і што там было спачатку каля 200 латышскіх сем’яў. Хацелася б, па магчымасці, прасачыць лёс беларускіх латышоў.
Але нас цікавіць не толькі латышская культура, але і культура Беларусі. Вельмі важна самім пабачыць, як жыве Беларусь і беларусы, а не чуць ад другіх.
— І якія ўражанні?
— Уражанні самыя найлепшыя. Беларусы — гасцінныя і добразычлівыя людзі. Мы бачым, што ў вас клапоцяцца пра сваю гісторыю і культуру, шануюць культуру іншых народаў. Прынамсі — латышоў. У нас сабрана нямала культурна-этнаграфічнага матэрыялу. Яго мы выкарыстоўваем у вучэбным працэсе нашага ўніверсітэта, вядзём змястоўныя гутаркі са студэнтамі.
Латвія і Беларусь — суседзі, і мы павінны жыць дружна, паболей даведвацца адзін пра аднаго.
Гэтым разам госці з Латвіі наведалі наш гісторыка-краязнаўчы музей, а пасля адправіліся на галіцкія землі — у пошуку гістарычных каранёў.
Галіна Цыганкова.
На здымку: латышскія навукоўцы разам з дырэктарам музея Людмілай Андрушковай і супрацоўнікам Алесяй Мартыненка.