Зноў у роднай школе

Зноў у роднай школе

Лёс прывёў яе ў родную школу, якую скончыла больш за трыццаць гадоў таму. Мала таго, яна ж яшчэ гэту школу і ўзначаліла і паспяхова вядзе ўперад настаўніцкі калектыў, а вучні дабіваюцца немалых поспехаў у рознай дзейнасці. І хоць, як сама кажа, вельмі любіць выкладаць, але чыста настаўнікам папрацавала ўсяго тры гады з дваццаці сямі гадоў педагагічнага стажу. А так — усё на кіруючых пасадах.
Мы гутарым з дырэктарам ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Раднянскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Клімавіцкага раёна” Алай Іванаўнай Падгурскай.
Як зазначае суразмоўца, яна не любіць скакаць з месца на месца. Менавіта таму, калі пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута была накіравана ў Недзведзьскую базавую школу, адпрацавала там 21 год — у асноўным, завучам, дырэктарам. Пусціла, як кажуць, карані: выйшла замуж, стварыла сям’ю. Да вясковага ладу жыцця было не прывыкаць, таму і ў чужым населеным пункце прызвычаілася хутка. Настаўніцу, дырэктара ў вёсцы паважалі. Яна таксама прыкіпела душой да людзей. І калі б школу не закрылі, працавала б, кажа, у Недзведзі да гэтай пары.
Як сказаў нехта з мудрых, кіраўніка павінны альбо баяцца, альбо паважаць; лепш, калі адразу і тое, і другое.
— Па натуры я чалавек нястрогі, — прызнаецца Ала Іванаўна, — але пасада дырэктара вымагае быць рознай, гібкай. Цесна кантактаваць, шукаць падыход даводзіцца як да дарослых, так і да дзяцей. А ў кожнага ж свой характар, свае адносіны да працы і свае магчымасці. І з вучнямі таксама ж: пахваліць, заахвоціць паспяховых, прыструніць хуліганістых. Але галоўнае — быць справядлівай.
Быць справядлівай і заслугоўваць павагу дырэктару ўдаецца.
Пра сваіх калег Ала Іванаўна можа расказваць, здаецца, бясконца. Заўжды на высокім узроўні вопытныя педагогі. Задаволена маладымі.
— У нас добры творчы педагагічны калектыў, — гаворыць кіраўнік. — Усе настаўнікі, у асноўным, адказныя, зацікаўленыя, таленавітыя людзі. Наяўнасць камп’ютарнага класа дазваляе весці навучальны працэс нестандартна, з прымяненнем новых тэхналогій. Творча працуюць і вучні, рыхтуюць мульты-медыапрэзентацыі па розных вучэбных прадметах. Як вынік — навучэнцы школы не раз атрымлівалі дыпломы за ўдзел у розных конкурсах і алімпіядах.
Асаблівая падзяка маім намеснікам. Марыя Іванаўна Бурдзілава — завуч. Гэта, можна сказаць, палова мяне. Уся работа з педагагічнымі кадрамі, вучэбны працэс — на ёй. Алеся Генадзьеўна Станкевіч — намеснік па выхаваўчай рабоце, яна ж — ідыёлаг. Выдатна знаходзіць падыход да любога. Хацела б адзначыць педагога-арганізатара Валянціну Аляксандраўну Шаршнёву, якая працуе з дзецьмі, укараняе ў жыццё шматлікія задумкі і праекты. Яе кабінет заўсёды повен дзятвой, там увесь час нешта плануецца і ствараецца.
І яшчэ адна надзейная рука — намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы Людміла Аркадзьеўна Багамолава. Гэта няўрымслівы і адказны чалавек, які любіць, каб ва ўсім быў парадак, таму патрабавальная да сябе і падначаленых. А што тычыцца падрыхтоўкі школы да навучальнага года, дык я шчыра ўдзячна і загадчыцы гаспадаркай, і ўсяму тэхперсаналу. Кожны з іх лічыць за гонар, каб вучні прыйшлі ў абноўленую, чысцюткую школу.
Праца ў камандзе заўсёды дае добрыя вынікі, і лягчэй крочыцца наперад.
Галіна Цыганкова.