Асмолавічы: ад старажытнасці да сучаснасці

Адна са старажытных вёсак на Клімаўшчыне — Асмола-вічы. Згодна з легендай, жыхары гэтай мясцовасці з даўніх часоў займаліся вырабам смалы, што з’яўлялася іх асноўным заняткам. Першым уладальнікам смалакурні быў Павел Аўсіевіч, і празвалі яго людзі Асмалоўскім. Паселішча таксама атрымала сугучную назву — Асмолавічы.
Вёсцы хутка споўніцца 500 год, аб чым сведчаць дакументы, якія захоўваюцца ў архівах Санкт-Пецярбурга. У адным з дакументаў гаворыцца, што рашэннем караля Польшчы Сігізмунда Першага 5 кастрычніка 1512 года жыхару сяла Асмолавічы Паўлу Асмалоўскаму (і яго нашчадкам) аддадзена ва ўладанне “вечнае” сяло Асмолавічы… У 1577 г. ён перадаў частку зямлі Пчалаедам і Каршун-Асмалоўскім. Папера ад 1581 г. сведчыць пра тое, што зямельны суд тых часоў вырашыў спрэчнае пытанне аб межах уладанняў П.А.Бонч-Асмалоўскага і сялян Клімавіцкага стараства. Мяжа была зроблена непадалёку ад рачулкі Калініца.
Да Кастрычніцкай рэвалюцыі в. Асмолавічы ўваходзіла ў склад Ціманаўскай воласці. Праваслаўны прыход, які знаходзіўся ў ёй, адносіўся да Клімавіцкага павета.
Асмолавічы былі разбіты на шматлікія пасёлкі: Шыркаўка, Барадаўкін Гай, Каршуноўка, Зімоніна, Шлапакоўка, Васілёўка і Сасноўка. Былі і хутары. Напрыклад, Аўсеенкаў размяшчаўся на гары, дзе жылі Вішнеўскія. Налічвалася ў ім 22 хаты, якія згарэлі ў час жніва. Гаварылі, што адна з гаспадынь пякла хлеб і разам з боханам выцягнула з печы гарачы вугальчык, які і нарабіў бяды. Усе ж людзі ў той час знаходзіліся ў полі.
У вёсцы дзейнічала праваслаўная царква, а пры ёй — школа. Было некалькі млыноў і вальня. Каля Асмолавічаў праходзілі Варшаўская шаша, а таксама ваенна-камерцыйная і паштовая дарогі. Чыгунка будавалася да рэвалюцыі 1917 г. З адкрыццём у 1921 г. чыгуначнай станцыі ў Клімавічах пачаўся рух рабочых цягнікоў на ўчастку Клімавічы — Асмолавічы — Сураж — Унеча. (І ў Асмолавічах у свой час была чыгуначная станцыя, праўда, цяпер ёсць толькі прыпыначны пункт).
Не абыйшлі зямлю асмолавіцкую войны: 1654 — 1667 гг. — паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, 1700 — 1721 гг. — паміж Расіяй і Швецыяй. З пакалення ў пакаленне перадаюцца звесткі пра тое, што у час вайны французскія вознікі незнарок скінулі ў багну куфар з золатам і грашыма. Кажуць, шукалі яго, ды не змаглі знайсці. У адрозненне ад французаў, замест скарбаў гітлераўскія салдаты ў Вялікую Айчынную склалі тут свае галовы.
Не вярнуліся з франтоў мінулай вайны 147 жыхароў вёскі Асмолавічы, прозвішчы якіх увекавечаны на абеліску. Акупантамі былі вывезены ў Германію пятнаццаць сяльчан. Ёсць ля вёскі пад чыгункай вялізная труба. Жанчыны і дзеці хаваліся ў ёй, калі наляталі фашысцкія самалёты.
А вось некаторыя звесткі пра пасляваенны час. У 50-я гады тут быў калгас “Трэці Інтэрнацыянал”, якім кіраваў Іван Цімафеевіч Кулік. У 1960 г. гаспадарка стала аддзяленнем саўгаса “Высакоўскі”. Хутка яго перайменавалі ў садова-агародніцкі саўгас “Асмолавічы”, дырэктарам якога быў Даніла Сідаравіч Коцік. Яго змяніў потым на гэтай пасадзе Уладзімір Лукіч Гамолка.
З 1986-га чарнобыльскага года гаспадарку прыняў вопытны кіраўнік Іван Ніканоравіч Братусеў. Вёска працвітала. Да паслуг вяскоўцаў былі Дом культуры, бібліятэка, двухпавярховая сярэдняя школа, два магазіны, комплексна-прыёмны пункт, сталовая, дзіцячы сад, ФАП, ашчадная каса, паштовае аддзяленне сувязі, нафтабаза…
З 2005 г. саўгас далучаны да эксперыментальнай базы “Раднянская”. Упраўляючымі аддзялення былі спачатку Аляксандр Аркадзьевіч Даменікан, потым — Галіна Іванаўна Шурахайлава (дачка І.Н.Братусева), сёння яго кіраўніком з’яўляецца Надзея Мікалаеўна Галячэнка.
Многія з жыхароў Асмолавіч пакінулі адметны след аб сабе. Гэта Якаў Іванавіч Будагоўскі — першы чэкіст раёна, Пётр Віктаравіч Асмалоўскі — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, палкоўнік Савецкай Арміі, Міхаіл Сцяпанавіч Асмалоўскі — вядомы ў рэспубліцы архітэктар, Аляксандр Віктаравіч Асмалоўскі — былы загадчык абласнога аддзела народнай адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Надзея Пятроўна Купцова — ветэран гаспадаркі, узнагароджаная медалём “За працоўную доблесць”, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, граматамі.
На зямлі асмолавіцкай шчыравалі і шчыруюць такія дынастыі, як Сяднёвы, Вішнеўскія, Будагоўскія, Семянцовы. Старанна працуюць сёння на палетках і фермах механізатары Алег Марозаў, Сяргей Шурахайлаў, Іван Сяднёў, даяркі Святлана Пінчанка, Святлана Бярзул, Таццяна Шалянкова, Людміла Траццякова і іншыя.