Дэпутат Вярхоўнага Савета

Дэпутат Вярхоўнага Савета

Сціплая вясковая жанчына частуе яблыкамі. Пахкія, крамяныя, смачныя. Бульба скапаная. Амаль усё прыбрана і на агародзе — засталося крыху морквы і буракоў, ды яны не баяцца халадоў. Але справы хапае: клопату чакаюць карова, свінні, куры.
— Дзеці кажуць: “Навошта табе такая гаспадарка? Нам дапамагаць не трэба — мы ж усе пры грошах. Яшчэ й табе дапаможам. Ды і ў цябе пенсія неблагая. Можаш і адпачыць, пажыць спакойна.” Клічуць да сябе. Толькі ж куды я паеду з роднага куточка? І пенсіі, сапраўды, хапае. Але не магу я без працы! Як жа можна, каб хлеўчукі пустымі стаялі? Пакуль сілы трохі ёсць, буду завіхацца. Ды і дзеці дапамагаюць — без іх бы не справілася, — разважае Наталля Міхайлаўна Карчэўская, ураджэнка і жыхарка аграгарадка Макеевічы.
Дзяцей у яе пяцёра. Усіх разам з мужам Іванам Васільевічам (зараз ужо нябожчыкам) вывелі ў людзі, усім далі адукацыю: у дваіх — сярэдняя спецыяльная, у траіх — вышэйшая.
Дзеля гэтага, кажа жанчына, акрамя таго, што выжыльвалася на сталай рабоце (даяркай), дык яшчэ і дома трымалі па дзве каровы, па некалькі свіней. Але гэта таго было варта: дзеці — галоўнае, пераканана жанчына.
Нарадзілася Наталля Міхайлаўна ў перадваенны 1939 год. Бацька як пайшоў на фронт, так і не вярнуўся — загінуў. Маці адна выхоўвала дваіх дзяцей. У ваеннае і пасляваеннае дзяцінства зведалі і голад, і нястачу. Іншы раз, узгадвае, на сняданак ці вячэру была толькі падсоленая вада.
У шаснаццаць год дзяўчына ўладкавалася на працу ў леспрамгас, а праз некалькі гадоў пайшла на ферму даяркай. Лёгка не было. Даілі ўручную (машынную дойку ўстанавілі толькі ў 1972 годзе). А ў групе — дваццаць кароў. Даенне трохразавае. І корм раздаць, і пачысціць, і папаіць — усё самі. Але цяжкасцяў не баялася — старалася. Асабліва старалася лепш накарміць жывёлу, бо ў тыя часы было даволі голадна.
— Зачыняеш вечарам хлеў, а кароўкі павернуць да цябе галовы і мыкаюць — так жаласна, нібы з дакорам: “Што ж ты, гаспадынька?!” Паверыце, у грудзях сціскалася, — распавядала былая даярка. — Чаму не хапала кармоў? Мо, таму, што жывёлы занадта многа было на тую колькасць палёў. Бо па немалой ферме мелася ў кожнай вёсцы, яшчэ і авечак разводзілі. А зараз гляджу на грамадскі статак — каровы сытыя, гладкія, выглядаюць, бадай, лепей за свойскіх. Ды і прадуктыўнасць разы ў тры вышэйшая, чым у наш час.
Працоўную дзейнасць Наталля Міхайлаўна паспяхова спалучала з мацярынскімі абавязкамі. Дзіцячага садка ў Макеевічах не было, як не было ў той час і працяглага водпуску па догляду дзіцяці. Месяц-другі, і трэба ўжо ісці на працу. Дзяцей глядзела бабуля (яе маці).
Перадавую даярку прыкмецілі ў раёне. Пачалі, як кажуць, вылучаць па грамадскай лініі. У 1985 — 1990 гадах была нават дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
— Выступала з высокай трыбуны, расказвала, што дзеецца ў нашым раёне (прамову, натуральна, мне напісалі). Чытаю, а голас зрываецца — хвалююся, — успамінае жанчына.
Не абмінулі дбайную працаўніцу і ўзнагароды: апроч Ганаровых грамат рознага ўзроўню маюцца таксама ордэн “Знак пашаны”, медаль “За працоўную адзнаку”, «Медаль мацярынства».
…Размаўляючы, крочым да магазіна.
— Добрае зараз жыццё. І вяскоўцам скардзіцца няма чаго, — разважае пажылая жанчына. — Хто не лянуецца, той жыве спраўна. І заробкі неблагія — хоць у жывёлаводаў, хоць у механізатараў. Мяркую так, бо нямала з іх пакуплялі сабе машыны. А вось жывёлу не надта хочуць трымаць — у вёсцы ўсяго дзясятак кароў. Яно, канечне ж, і ў магазіне малако ды смятанку можна купіць, але ж сваё — лепш! Дапамагае гаспадарка: дзякуй Марыі Іванаўне Глушаковай — і сенам, і збожжам. Мне не сорамна перад дзецьмі і ўнукамі. У хлеўчуку не пуста. Вёска павінна жыць і працаваць.
Галіна Віктарава.