Славіў людзей і працу

17 верасня адзначаецца 100-гадовы юбілей з дня нараджэння класіка сучаснай беларускай літаратуры Максіма Танка.
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся ў в. Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і, вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях. Ён — актыўны ўдзельнік камсамольскага і камуністычнага падполля, барацьбіт за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных былой Заходняй Беларусі. У час Вя-лікай Айчыннай вайны быў супрацоўнікам газеты “За Савецкую Беларусь”. Пасля вайны — літаратурны супрацоўнік часопіса “Вожык”, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, першы сакратар, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Друкавацца пачаў з 1932 г. Карыстаўся псеўданімам Максім Танк. Першыя кнігі паэта з’явіліся ў Вільні.
У зборніках “Глыток вады”, “Хай будзе святло”, “Збор калосся”, “Мой каўчэг” і іншыя ён звяртаўся як да сучаснасці, так і да мінулага Беларусі, да фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых, хлебаробаў, дружбу народаў. Паэзія М.Танка паводле свайго духу — сучасная, глыбока народная і нацыянальная.
Разам з напісаннем уласных твораў Максім Танк актыўна займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. У яго ўзнаўленні на беларускай мове загучалі многія творы рускіх, украінскіх, польскіх і іншых аўтараў, частка з якіх склала апошні, шосты, том самага поўнага прыжыццёвага збору твораў пісьменніка.Пленная творчая, працоўная і грамадская дзейнасць М.Танка была высока адзначана: у 1968 г. ён атрымаў званне народнага паэта Беларусі; у 1972 г. стаў акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а праз два гады — Героем Сацыялістычнай Працы. Узнагароджваўся многімі літаратурнымі прэміямі, а таксама ордэнамі і медалямі. У 1987 г. яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Мінска.
Памёр Максім Танк у сталіцы 7 жніўня 1995 г., пахаваны (паводле завяшчання) на могілках в. Слабада (каля Пількаўшчыны) Мядзельскага раёна.
Ала Кастэнка, бібліятэкар ЦБ.