Вяскоўцы

Вяскоўцы

На 1 снежня гэтага года ў вёсцы Асмолавічы з пяцісотгадовай гісторыяй налічвалася 187 домаўладанняў і 395 жыхароў, у тым ліку каля 60 дзяцей (для параўнання: у 1973 г. тут пражывала 900 вяскоўцаў). Нажаль, сёння мы зможам расказаць толькі пра некаторых асмалаўчан.
Найперш пра жыхарку вёскі самага паважанага ўзросту — Марыю Іванаўну Асмалоўскую, якой у лістападзе споўніцца 90 гадоў. Усё жыццё жанчыны прайшло на гэтай зямлі. Не песціў яе лёс. У 1943-м на Проні загінуў муж. Засталася адна з дзіцём на руках. Пасля вайны пайшла замуж за франтавіка і аднакласніка Іосіфа Асмалоўскага. Нарадзілася ў іх двое малых.
Працавала Марыя Іванаўна бібліятэкарам Асмолавіцкай хаты-чытальні і піянерважатай у Ціманаўскай СШ. Ёсць у доўгажыхаркі пяцёра ўнукаў. Жыве ж яна са старэйшым сынам — інвалідам з дзяцінства.
Блізкія і далёкія продкі Генадзя і Зоі Чайкоўскіх жылі ў Асмолавічах. Тут і іх радзіма. Электрыкам, потым і галоўным электрыкам адпрацаваў у саўгасе Генадзь Міхайлавіч 46 гадоў. На грамадскіх пачатках быў камсамольскім, партыйным і прафсаюзным лідарам. Зоя Кузьмінічна ўвесь час працавала бухгалтарам. Людзі толькі добрым словам іх успамінаюць, бо справу сваю ведалі, добрасумленнымі былі і паважліва ставіліся да тых, хто побач. Зараз яны пенсіянеры. З хатнімі клопатамі спраўляюцца разам, таму і спорыцца ўсё ў іх. А як прыгожа на двары гэтых увішных гаспадароў — не перадаць словамі! (Будзеце ў Асмолавічах, зайдзіце падзівіцца). Самае ж вялікае іх багацце — сын і дачка, унук і ўнучка.
Святлана Васільеўна Кузьмянкова пра сябе кажа: “Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася”. 28 гадоў яна вучыць у мясцовай школе пачаткоўцаў і з’яўляецца вясковым старастам.
— Асмолаўцы любяць сваю вёску і шмат робяць для таго, каб была яна прыгожай, чыстай, — гаворыць Святана Васільеўна. — Дзяцей да гэтага з маленства прывучаем. Школьнікі ўдзельнічаюць у працоўных дэсантах на вуліцах сяла. Вядома, хто любіць свой родны куточак, той і Радзіме не здрадзіць.
Не пашэнціла жанчыне ў тым плане, што рана засталася ўдавой, але радасць яна мае ад таго, што ў сына і дачкі ўсё добра ладзіцца, што падрастаюць двое ўнукаў.
Алена Базылева з дынастыі ветэрынарных урачоў. Гэтай прафесіі прысвяцілі сябе яе маці і дзядзька, брат і сястра. Алена Пятроўна пасля заканчэння Клімавіцкага саўгаса-тэхнікума працуе ў сваёй гаспадарцы. З хатнімі клопатамі ёй дапамагаюць справіцца сыны-школьнікі — Арцём і Андрэйка. Што адметна, у вольны час ва ўсіх траіх агульнае захапленне — чытанне кніг.
Аматар кніг, і асабліва тэхнічнай літаратуры, Аляксей Траццякоў з’яўляецца членам кніжнага клуба ў Мінску, і кнігі яму рэгулярна дастаўляюць па пошце. Малады чалавек скончыў Клімавіцкі ліцэй і цяпер завочна вучыцца ў аграрным каледжы. У планах — паступленне ў Горацкую сельгас-акадэмію. Аляксей працуе ў мясцовай гаспадарцы даглядчыкам жывёлы.
Спецыяліст па сацыяльнай рабоце — такая пасада ў А.С.Крупінінай. Алена Сямёнаўна нарадзілася ў Магілёве, а з Асмолавічамі лёс яе звязаў дзесьці 20 гадоў таму назад. Вырабы з саломкі ёсць і на рабоце, і дома. Шмат падарыла школе, бібліятэцы, сябрам. Але яшчэ большым захапленнем жанчыны (яна — маці і ўжо бабуля) з’яўляюцца кветкі.
Зінаіда Асмалоўская,
бібліятэкар Асмолавіцкай сельскай бібліятэкі.
Валянціна Кварцюк.

На здымку: Муж і жонка Чайкоўскія ў кветкавым царстве.