На хвалях музыкі

На хвалях музыкі

Усё пачалося, бадай, з дзіцячай зайздрасці.
— У сяброўкі было фартэпіяна, а ў мяне не было, — кажа мая суразмоўца Людміла Віктараўна Лукша, настаўнік музыкі сярэдняй школы № 3. — І тады я пайшла вучыцца ў музычную школу — на фартэпіяна. Дарэчы, тая сяброўка музычную школу не скончыла, а я скончыла, зрабіўшы музыку справай свайго жыцця.
У 1984 годзе яна скончыла таксама Гродзенскае музычнае вучылішча. У актыве яшчэ і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Куляшова.
У трэцяй сярэдняй школе Людміла Віктараўна працуе з 1992 года.
Канцэрты тут — цудоўныя, заўсёды са сваёй іскрынкай. Нумары адшліфаваныя, добра пастаўленыя. Вучні пастаянна ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, у 2010 годзе сталі дыпламантамі абласнога конкурсу школьных харавых калектываў.
Яна неардынарны настаўнік. Апроч фартэпіяна, добра валодае таксама акардэонам, электроннымі музычнымі інструментамі, на “ты” з музычнай апаратурай. Агучванне і музычнае афармленне ўсіх мерапрыемстваў, што праходзяць у школе, — на ёй. Запісаць фанаграму — калі ласка!
Ёсць і ў нас з ёю сумесная творчая праца — песня “Клімавічы — горад мой”, аўтар музыкі — Людміла Лукша. Гэтую песню даўно ўжо спяваюць не толькі ў трэцяй школе.
З году ў год Людміла Віктараўна з’яўляецца класным кіраўніком. І зрабіўшы адзін выпуск, набірае другі. Што ў гэтай справе ў яе таксама талент, упэўнілася асабіста, бо яна была класным кіраўніком і ў маёй дачкі. Да самага выпускнога вечара дзяўчаты (і нават хлопцы) нашага класа, як пчолкі, віліся вакол настаўніцы, прыбягалі на кожным перапынку, дзяліліся з ёю сваімі сакрэтамі, раіліся, актыўна ўдзельнічалі ў школьных мерапрыемствах.
Традыцыя працягваецца. Вось і зараз, пакуль мы размаўлялі, у час перапынку ў актавую залу забеглі з дзясятак хлопчыкаў і дзяўчынак з 6 “Б” — яе цяперашняга класа. Забеглі проста так: пабачыцца, пагутарыць.
Людміла Віктараўна кажа, што стараецца задзейнічаць сваіх выхаванцаў як мага больш: у спартыўных секцыях, у розных кружках і факультатывах. Калі бачыць музычныя здольнасці, абавязкова парэкамендуе паступіць у дзіцячую школу мастацтваў.
— Лічу, што чым больш вучань заняты, тым больш ён паспявае — бо вучыцца цаніць і арганізоўваць свой час, — зазначае яна.
Ці стамілася настаўніца за доўгі педагагічны шлях?
Не, не стамілася, кажа. З задавальненнем ідзе на сустрэчу з дзецьмі і ўвесь час шукае і знаходзіць нешта новае, адкрывае для дзіцячых сэрцаў дзівосны свет музыкі і творчасці.
Галіна Цыганкова.
На здымку: Людміла Віктараўна Лукша разам з Карынай Васільчанка і Ірай Пусташылавай — вучаніцамі яе 6 “Б”.