Традыцыі краязнаўства на Клімаўшчыне

Традыцыі краязнаўства на Клімаўшчыне

Традыцыі краязнаўчай дзейнасці ў нашым раёне маюць больш чым стогадовую гісторыю. У розныя часы тут праводзілі краязнаўчыя даследванні Карл Камінскі, Сямён Чалоўскі, Сяргей Яраслаўцаў. У 1925 годзе ў нашым горадзе было створана Калінінскае акруговае грамадства краязнаўцаў, адной з задач якога было “прыняцце мер для аховы помнікаў старасведчыны, будынкаў, замчышч…”
Пасля Вялікай Айчыннай вайны даволі вялікі ўклад у вывучэнне клімавіцкай зямлі ўняслі Францыск Асмалоўскі (рукапіс “Клімавічы і Клімавіцкі раён”), Канстанцін Малашанка (“Летапіс калгаса “Шлях да камунізму”) і Уладзімір Шавярдо (“Гісторыя вёскі Мілаславічы”).
Знакавай падзеяй у вывучэнні Клімаўшчыны стала выданне ў 1995 годзе кнігі “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Клімавіцкага раёна”, пошукам і падрыхтоўкай матэрыялаў для якой займаліся Валерый Рабцаў, Аляксей Кажамяка, Мікалай Мінчанка, Людміла Андрушкова. Вялікі ўклад у асвятленне падзей Вялікай Айчыннай вайны на Клімаўшчыне і пра змаганне клімаўчан на яе франтах зрабіў Аляксей Мартынавіч Кажамяка.
Зараз даволі прадуктыўна развіваецца школьнае краязнаўства. Яно дапамагае пашырыць кругагляд дзяцей, выхоўвае любоў да радзімы, гонар за свой народ, людзей мінулага і сучаснага. Актыўна на гэтай ніве сёння працуюць педагогі І.Ф.Навагродская, Н.А.Казлова, С.М.Шылаў, Л.А.Шапавалава, А.Дз.Какашынская і іншыя.
Дзейсным сродкам краязнаўчай работы з’яўляюцца школьныя музеі, музейныя пакоі і краязнаўчыя куткі, якія ёсць у кожнай школе. Там праводзяцца вучэбныя заняткі, выхаваўчыя мерапрыемствы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, ладзіцца актыўны краязнаўчы пошук.
Цікава працуе актыў школьнага музея “Гісторыя Лабжанскага краю”, кіраўнік Ірына Навагродская. На абласным этапе конкурса сярод этнаграфічных музеяў работа Лабжанскай СШ заняла першае месца, а на рэспубліканскім — другое. У гэтым музеі заўсёды прыемна бываць. Юныя экскурсаводы шчыра вітаюць сваіх гасцей, у цікавай форме знаёмяць іх з гісторыяй Лабжаншчыны, яе жыхарамі.
Вялікая праца па развіцці краязнаўства на Клімаўшчыне праводзіцца Клімавіцкім цэнтрам турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі. Штогод тут працуюць краязнаўчыя гурткі, у якіх школьнікі навучаюцца па разнастайных праграмах.
Амаль кожны месяц юныя краязнаўцы сустракаюцца ў цэнтры на гульнях “Што? Дзе? Калі?”, аглядах-конкурсах “Этнаграфічныя святкі”, конкурсе экскурсаводаў, фальклорных святах “Дажынкі”, “Масленіца”, “Каляды”, а таксама конкурсе “Легенды і паданні малой радзімы”, фотаконкурсе “Край мой Клімавіцкі”… Тут гурткоўцы дэманструюць свае веды і ўменні, атрыманыя на занятках, знаёмяцца з аднагодкамі.
Значных поспехаў навучэнцы нашага цэнтра і школ раёна дасягнулі ў краязнаўчых конкурсах у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Іх праца “Летапіс горада Клімавічы” на рэспубліканскім конкурсе летапісаў населеных пунктаў заняла другое месца ў намінацыі “Гарады раённага падпарадкавання”.
На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу творчых работ навучэнцаў “Моладзь і дзеці ў гады Другой сусветнай вайны” Рыгор Чарнякоў, вучань Ціманаўскай сярэдняй школы, прызнаны пераможцам у намінацыі “Мультымедыйны праект”, а Яўгенія Белавусава, вучаніца сярэдняй школы № 3, перамагла ў намінацыі “Малюнак”.
Такім чынам, традыцыі краязнаўчай дзейнасці на клімавіцкай зямлі, закладзеныя яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі, жывуць і развіваюцца ў нашы дні. Тым больш прыемна, што ў гэту дзейнасць актыўна ўключаецца і моладзь.
Пётр Шашкоў.