Гонар аграгарадка — яго жыхары

Гонар аграгарадка - яго жыхары

Згодна са статыстыкай, на 1 студзеня 2012 г. у Ціманава пражывала 1842 чалавекі. Самай старэйшай з вяскоўцаў падчас нашага наведвання была Марыя Іванаўна Нявінская, якой 13 лістапада споўніцца 93 гады. Нарадзілася яна ў в. Канчары Савініцкага сельсавета. Скончыла толькі тры класы, бо ў Цітаўскую школу далёка было хадзіць. Шмат часу жанчына адпрацавала даяркай, рабіла і на птушкаферме.
Сталася так, што не даў бог сям’і. Больш таго, наканавана лёсам было стаць “перасяленкай”. У Ціманаве жыве Марыя Іванаўна вось ужо за дваццаць гадоў. З родных мае толькі пляменнікаў ды ўнукаў. Яны, праўда, не пакідаюць у адзіноце старога чалавека. Дык і яна ж ім нямала добрага ў жыцці зрабіла, дапамагала чым магла.
Адным з самых маленькіх жыхароў вёскі з’яўляецца Алежак Салдаценка. У сваёй матулі ён — шостае дзіцяці. Ёсць у жанчыны і прыёмныя дзеці: двое родных пляменнікаў, што засталіся без бацькоў. З дапамогай старэйшага сына і дачок, а таксама родзічаў Алена Мікалаеўна і агарод апрацоўвае, і жыўнасць трымае (парсючкоў, курэй ды качак).
Даводзіцца ёй і рамонтам кватэры займацца, толькі ўсё роўна нялёгка справіцца з вільгаццю. Вядома ж, малыя мараць, што некалі ўсе яны будуць жыць у новай кватэры (ці доме) —вялікай і ўтульнай.
Каля дома сям’і Астапенка, якая жыве па вуліцы Віцебскай роўна дваццаць гадоў, проста так прайсці ці праехаць не ўдасца. Нават увосень абавязкова звернеш увагу на добраўпарадкаванасць тэрыторыі, на мноства квітнеючых кустоў хрызантэм. Ну, што тут скажаш: любяць гаспадары ствараць прыгажосць сваімі рукамі. У чарговы выхадны (Жана Мікалаеўна працуе выхавальніцай у дзіцячым садку “Журавушка”, а Віктар Мікалаевіч — майстар міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната) яны вырашылі заняцца рэканструкцыяй брамкі.
Калі размова зайшла пра дзяцей, шчаслівыя бацькі ахвотна расказалі, што дачка Каця скончыла Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт і першы год працуе ў трэцяй гарадской школе — выкладае англійскую мову. Сын Юра па-ранейшаму захапляецца спортам, нядаўна вярнуўся з Аўстрыі, дзе быў на зборах. Ён вучыцца ўжо на другім курсе фізкультурнага аддзялення Магілёў-скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова.
Сапраўдным асяродкам нацыянальнай культуры з’яўляецца Ціманаўская бібліятэка. Нездарма ў мінулым годзе яна заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе, які праходзіў у гэтым накірунку. Сюды вяскоўцы ідуць ахвотна, бо ім заўсёды рады бібліятэкары Галіна Анатольеўна Курлукова і Святлана Ігараўна Пралыгіна. Аматараў кнігі, як кажуць апошнія, у Ціманаве шмат. Да прыкладу, Яўген Пятровіч і Ніна Уладзіміраўна Кухаравы, Марына Васільеўна і Насця Пасынкавы, Генадзь Сяргеевіч Галавесаў, работнікі райЦГЭ… І, вядома ж, Марыя Васільеўна Чарняцова. Колькі жыве тут (а ўжо пад 30 гадоў), столькі і з‘яўляецца актыўнейшым чытачом, удзельнікам шматлікіх культурных мерапрыемстваў.
З ціманаўскімі рабятамі — вучнямі розных класаў мясцовай школы — педагог дадатковай адукацыі Клімавіцкага цэнтра творчасці Марыя Лаўрэнцьеўна Давідовіч працуе не адзін год. Асноўны накірунак іх сумеснай дзейнасці — маляванне ніткамі. Цудоўныя карціны, я вам скажу, атрымоўваюцца! Дзяўчынкі і хлопчыкі (у гуртку іх 30 чалавек) захапляюцца гэтым відам творчасці. 4-класніца Крысціна Ермачэнка, па словах настаўніцы, спраўляецца з данай справай найлепшым чынам і мае ўжо шмат уласных работ.
Валянціна КВАРЦЮК.
На здымку: Марыя Нявінская з пляменніцай Ганнай.