Калі мы разам

Калі мы разам

Калісьці яны былі проста Надзя з вёскі Муравец і Коля з Ціманава. Яна запрыкмеціла статнага хлопца яшчэ сямікласніцай і тайком пачала ўздыхаць па ім. Ішлі гады, а першае дзявоцкае пачуццё заставалася без адказу. Затое, калі памужнелы юнак вярнуўся з арміі, усё сталася вельмі хутка: роўна праз тры месяцы лёсы закаханых зліліся ў адзінае цэлае. Атрымаўся трывалы саюз (у жніўні Надзея Дзмітрыеўна і Мікалай Леанідавіч адзначылі жамчужнае вяселле).
У хуткім часе сям’я Паўлючэнкаў пачала расці. Спачатку нарадзілася Алёнка, потым — Танюша. Старэйшая дачка, скончыўшы Жыліцкі сельгастэхнікум, уладкавалася на працу ў г. Хойнікі, што на Гомельшчыне. Выйшла замуж. Алена з мужам Сашам падаравалі бабулі з дзядулем цудоўных унучачак — Настачку і Ганначку.
Малодшая дачка пакуль жыве з бацькамі, але ўжо збіраецца пераехаць ва ўласную кватэру. Маючы вышэйшую эканамічную адукацыю, Таццяна працуе намеснікам галоўнага бухгалтара ў Клімавіцкім аграрным каледжы. У вольную хвіліну займаецца любімай справай: робіць вельмі прывабныя рэчы з бісеру, паетак, звычайнай паперы і шпалераў (яе і некаторыя матуліны работы вы бачыце на здымку).
Безумоўна, і захапленне Мікалая Леанідавіча заслугоўвае ўвагі. Унучкі, хоць яшчэ і малыя, так кажуць: “У нашага дзядулечкі дарагога — залатыя рукі!” Як сапраўдны гаспадар ён клапоціцца, каб у доме быў поўны парадак. Сталярка ды летняя кухня, а таксама надзейныя вокны, прыгожыя дзверы, разнастайныя палічкі — усё ягонымі рукамі зроблена. Паркет спатрэбіўся ў новую кватэру — калі ласка. Што і казаць: майстар ён — ад Бога! Зноў жа, уласныя трактар і бульбакапалка заўсёды на хаду.
Сад, агарод — ужо агульны клопат. Усё тут добра расце, бо гэтыя людзі працуюць на зямельцы з душой.
Ці тое ж добраўпарадкаванне ўзяць. Напрыклад, надумаліся і разам зрабілі аж дванаццаць сапраўдных кветнікаў з гумавых пакрышак.
Асобная гаворка пра любоў і гонар Надзеі Дзмітрыеўны — кветкі. Нават у кастрычніку заходзіш у двор, і табе ўсміхаюцца клемацісы, прымулы і г. д. У агародчыку радуюць вока царыцы восені — хрызантэмы. А як красаваліся тут летнія пляцістыя ружы — белыя, чырвоныя ды бэзавыя!
Нельга не сказаць яшчэ пра адну асаблівасць сям’і Паўлючэнкаў — гасціннасць. Калі б ні прыйшоў чалавек у дом, абавязкова запросяць за стол, чаем ці кавай, выпечкай дамашняй пачастуюць. І паразмаўляць знойдзецца аб чым.
Валянціна КВАРЦЮК.