На форуме ў Гродне

У старажытным горадзе Гродна 12-14 кастрычніка адбыўся першы Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Гонар прадстаўляць школьны музей ад Магілёўскай вобласці выпаў гісторыка-краязнаўчаму музею, што працуе на базе Лабжанскай СШ. Актыў музея — навучэнцы Уладзіслаў Талалаеў, Сяргей Зылеў, Алена Агеева, Марына Фралова — на чале са сваім кіраўніком Ірынай Фёдараўнай Навагродскай на працягу трох дзён актыўна працавалі: сустракалі рознага ўзроўню дэлегацыі, удзельнічалі ў майстар-класах і экскурсіях.
Па словах Ірыны Фёдараўны, удзелу ў мерапрыемстве такога ўзроўню папярэднічала вялікая работа. Трэба было наладзіць краязнаўчую і пошукавую работу, вынікам якой стала адкрыццё школьнага музея. Праз некалькі год руплівая праца была ацэнена перамогай у абласным этапе конкурсу-агляду этнаграфічных музеяў і другім месцам на рэспубліканскім этапе гэтага конкурсу.
— Нашым музеем была прадстаўлена экспазіцыя, якая называлася “Мастацтва беларускай вышыўкі”, праз паказ “Парада рушнікоў”. Адметна, што большасць з іх мелі тэкставую вышыўку, што збірала і здзіўляла наведвальнікаў, — падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
Шмат прыемных уражанняў засталося ў памяці юных удзельнікаў форума ад рыцарскіх баёў, выканаўцы якіх выступалі ў сапраўдным рыцарскім адзенні сярэднявечча, знаёмства з вядомым беларускім краязнаўцам В.А.Ермалёнкам, які запрасіў навучэнцаў Лабжанскай школы ў Міёры, дзе ён кіруе двума музеямі, а таксама з’яўляецца старшынёй клуба “Арганаўты мінулага”. І, вядома ж, такая вялікая колькасць музеяў у адным месцы іншы раз аж захоплівала дух.
Пётр ШАШКОЎ,
метадыст Клімавіцкага ЦТКіЭ.