Крыніца ведаў

У цяперашні час існуе мноства каналаў, праз якія людзі атрымліваюць інфармацыю. Аднак кніга заўжды ў пашане.
Як часта людзі наведваюць цэнтральную бібліятэку, якой літаратурай цікавяцца, мы папрасілі расказаць загадчыцу аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ніну ГАРЭЛАВУ.
— Найбольш чытаючай групай у нас з’яўляюцца людзі пажылога ўзросту, — адзначае спецыяліст.— Яны любяць чытаць пра вайну, калгасны лад, сацыялістычнае будаўніцтва. Таму попытам карыстаюцца творы В.Шукшына, А.Капцяевай, У.Кочатава, С.Бабаеўскага, В.Ардамацкага. Захапляецца даная катэгорыя чытачоў і літаратурай сучасных аўтараў.
Многія з задавальненнем бяруць кнігі беларускіх аўтараў, навінкі, творы ў серыях “Вера. Надзея. Любоў”, “Залатое пяро” і інш.
Што тычыцца твораў класікаў рускай, беларускай і замежнай літаратуры, то імі ў большасці сваёй цікавяцца навучэнцы старэйшых класаў па школьнай праграме. Запатрабаваныя кнігі Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Брыля, У.Караткевіча, А.Міцкевіча, М.Булгакава, А.Платонава, Э.Хемінгуэя, У.Шэкспіра і г.д.
Шырокай папулярнасцю карыстаюцца творы сучасных аўтараў — Б.Акуніна, А.Уліцкай, Д.Рубінай, В.Пялевіна, П.Каэльо, Х.Муракамі.
У чытальнай зале ў студэнтаў-завочнікаў найбольш запатрабаваныя падручнікі па эканоміцы, паліталогіі, педагогіцы, псіхалогіі, ідэалогіі, правазнаўству.
Да паслуг чытачоў таксама міжбібліятэчны абанемент. Гэта значыць, мы маем магчымасць атрымаць любую цікавячую іх літаратуру з абласной, Нацыянальнай бібліятэк рэспублікі. Акрамя таго, маецца адзіны фонд бібліятэчнай сеткі, які дапамагае знайсці патрэбную кнігу ў бібліятэках нашага раёна.
Як бачна, асноўная частка наведвальнікаў прыходзіць да нас выключна ў пошуках дзелавой інфармацыі, астатнія, як кажуць, — “для душы”. Дэтэктывамі з ліха закручанымі крымінальнымі сюжэтамі, фантастычнымі баевікамі захапляюцца пераважна мужчыны. Любоўныя раманы бяруць наведвальнікі ўсіх узростаў і прафесій.
— Акрамя кніг, у бібліятэцы можна пачарпнуць карысную інфармацыю з газет ці часопісаў.
— Сапраўды, вялікай папулярнасцю ў апошнія гады карыстаюцца перыядычныя выданні. У жанчын — гэта часопісы “Домашний очаг”, “Добрые советы”, “Здоровье”, “Гаспадыня”, “Лиза”. Немалы інтарэс выклікаюць грамадска-палітычныя і навукова-папулярныя выданні “Планета”, “Наука и жизнь”, “Беларуская думка”.
Хочацца, каб людзі часцей заходзілі ў бібліятэку, павышалі свой культурны і інтэлектуальны ўзровень.
Гутарыла Раіса Сяргеенка.