Марна часу не трацяць

Марна часу не трацяць

У Клімавічах наканавана было ім сустрэцца. Ураджэнка в. Кукуеўка Ліда тады працавала на раённым вузле сувязі, а Коля, прыехаўшы з Высакоўскай Буды, вучыўся на трактарыста ў СПТВ № 4. Прыйшоў час — і яны сталі адной сям’ёй. Пражылі разам больш за чатыры дзесяцігоддзі. Мікалай Фядосавіч у мясцовай гаспадарцы 38 гадоў шчыраваў на трактары і камбайне, за працоўныя поспехі не адну ўзнагароду атрымаў. Лідзія Пятроўна спачатку рабіла даяркай, потым — у сельскім магазіне. Як і муж, мае пасведчанне ветэрана працы. А яшчэ яна — стараста вёскі. Дзверы дома Баранавых, які з’яўляецца домам сацыяльных паслуг, адчынены для ўсіх.
Мікалай Фядосавіч з Лідзіяй Пятроўнай завіхаюцца на прысядзібным участку, каб вырасціць усё неабходнае для сябе і хатняй жыўнасці. Трое нашчадкаў — Людміла, Надзея і Валерый — жывуць у райцэнтры. І дзеці, і ўнукі — студэнткі Віка з Ангелінай, школьнікі Максім з Іллёй — стараюцца часцей прыехаць у вёску да родных сваіх, каб дапамагчы.
Валянціна КВАРЦЮК.