Паэт Іван Бурсаў

19 снежня адзначыў сваё 85-годдзе выдатны паэт, перакладчык Іван Цярэнцьевіч Бурсаў. Нарадзіўся ён у нашым горадзе ў сям‘і ваеннаслужачага. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны пачаў свой працоўны шлях счэпшчыкам вагонаў на Чэлябінскім металургічным заводзе. Потым быў саставіцелем цягнікоў на Мінскім трактарным прадпрыемстве. Адначасова вучыўся ў школе рабочай моладзі і наведваў літаратурнае аб’яднанне пры газеце “Знамя юности”.
Іван Цярэнцьевіч скончыў Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага ў Маскве. Быў рэдактарам аддзела прозы ў часопісе “Нёман”. У 1965 годзе пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Маскву і стаў працаваць у выдавецтве “Молодая гвардия”.
Як паэт Іван Бурсаў пачаў друкавацца ў 1953 г. Першыя вершы на рускай і беларускай мовах змясціў у завадской шматтыражцы. Выдаў шэраг паэтычных і празаічных зборнікаў, кніг вершаў і казак для дзяцей. Лірычны герой твораў І.Бурсава адчувае радасць жыцця, кахання, трывогу за лёс людзей. Задушэўным субяседнікам выступае ён у размове з дзецьмі, якіх вучыць разумець жыццё. Перакладае творы беларускіх і ўкраінскіх паэтаў на рускую мову. На словы Івана Бурсава напісаны песні.
Узнагароджаны наш знакаміты зямляк Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
— Іван Цярэнцьевіч яшчэ ў юнацтве пакінуў сваю малую радзіму, — расказвае дырэктар ЦБС Таццяна Даменікан. — Але мы ведаем, што ў думках ён па-ранейшаму разам з намі. У бібліятэках раёна чытачам прапануюцца творы Івана Бурсава “Колесо обозрения”, “Песочные часы”, “Помня о любви”, кнігі “Девяносто пять ежей”, “Сорок сорок”, “Лягушка с котомкой”…
Падрыхтавала
Валянціна КВАРЦЮК.