Клімавіцкая кераміка у Сібіры

На VIII Міжнародным фестывалі сібірскай керамікі ў Новасібірску годна прадстаўляюць народную творчасць Прыдняпроўскага краю дырэктар Клімавіцкага раённага Дома рамёстваў Аляксандр Котаў і яго былы вучань, спецыяліст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Аляксей Сапажкоў, а таксама двое майстроў-керамістаў з Бабруйшчыны.
Міжнародны фестываль сібірскай керамікі стаў традыцыйнай і маштабнай культурнай падзеяй. З кожным годам пашыраецца яго геаграфія. На гэты раз былі ўдзельнікі з розных гарадоў і рэгіёнаў Расіі, Алтая, а таксама Узбекістана і Беларусі. Нашых умельцаў запрасілі да ўдзелу ў творчым форуме Некамерцыйны фонд “Цэнтр народнай рамеснай культуры” і Новасібірскі цэнтр беларускай культуры.
Аляксей Сапажкоў увайшоў у журы фестывалю, а таксама даваў майстар-клас па дробнай пластыцы, выступаў на ўрачыстым адкрыцці выставы ўдзельнікаў фестывалю ў Новасібірскім дзяржаўным мастацкім музеі. Кераміка нашага краю экспанавалася на выставах, што ладзіліся ў межах форуму, і заслужыла высокую адзнаку гасцей і журы.
Аляксей Сапажкоў і Аляксандр Котаў былі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў VIII Міжнароднага фестывалю сібірскай керамікі за высокі мастацкі ўзровень вырабаў, судзейнічанне пераемнасці традыцый у галіне керамікі і ганчарнага майстэрства і актыўны ўдзел у мерапрыемствах фестывалю. Апроч таго, яны атрымалі дыпломы лаўрэатаў новасібірскага фестывалю за перамогу ў конкурсе мастацкіх вырабаў. Расіяне былі ў захапленні ад твораў Аляксандра Котава, сярод якіх меліся цудоўныя керамічныя кампазіцыі, а таксама акарыны і свістулькі, зробленыя ў традыцыйных формах конікаў, вершнікаў, птушак і інш. Не меншай папулярнасцю карысталіся работы Аляксея Сапажкова — пано з цудоўнай тэракоты, прасякнутыя народнымі матывамі і сюжэтамі.
Пасля завяршэння выставы работы нашых майстроў будуць перададзены ў дар Новасібірскаму цэнтру беларускай культуры — як часцінка сінявокай Беларусі ў далёкай Сібіры.
Вольга Семчанка.