Паэт з Красавіч

Паэт з Красавіч

Мікалай Іванавіч Салаўцоў нарадзіўся 30 снежня 1937 года ў вёсцы Красавічы. Быў дзясятым дзіцем у калгаснікаў Івана Пятровіча і Параскі Рыгораўны.
Цягнуўся да ведаў. Скончыўшы Савініцкую дзесяцігодку, падаў дакументы ў Магілёўскі педагагічны інстытут. Здаў экзамены, але не прайшоў па конкурсе. Тады паступіў у Клімавіцкі ветзаатэхнікум.
У арміі служыў непадалёку ад Гродна. Займаўся літаратурнай творчасцю, наведваў пася-джэнні літаратурнага аб’яднання пры “Гродзенскай праўдзе”. А калі вярнуўся дадому, працаваў брыгадзірам у саўгасе, рос па камсамольскай лініі: быў сакратаром пярвічнай арганізацыі, першым сакратаром Клімавіцкага райкама камсамола, членам бюро абкама камсамола. Скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі БДУ.
З 1967 г. М.І.Салаўцоў жыве ў Чавусах. Працуе старшынёй Чавускага раённага камітэта народнага кантролю, сакратаром райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. Шмат гадоў, у тым ліку і на пенсіі, працаваў Мікалай Салаўцоў рэдактарам раённага радыё.
Першы яго верш “Беларусь — мая Радзіма” быў надрукаваны ў Клімавіцкай раённай газеце “Молат” у 1956 годзе. Затым ён супрацоўнічаў з рознымі выданнямі. Выйшлі яго шэсць зборнікаў вершаў.
Вершы Міколы Салаўцова маюць высокі грамадскі пафас, нясуць сапраўдную мелодыю жыцця.
Я кожны новы дзень страчаю рана,
Нясу яму сваёй душы прамень,
Штогод шукаю між людскога зману
Мне Богам суджаны шчаслівы Дзень…
То ўслед іду за промнем сонца пешшу
На покліч сэрца з ношаю гадоў,
Нясу ў абдымках сонечнага верша
Надзею, веру, шчасце і любоў.

Людміла Шведава,
бібліятэкар ЦБ.